Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі песьні рэпэраў Oxxxymiron і Noize MC правераць на «экстрэмізм» пасьля сатырычнага звароту


Рэпэр Oxxxymiron (сапраўднае імя — Мірон Фёдараў).

Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін даручыў Галоўнаму сьледчаму ўпраўленьню ведамства праверыць тэксты песень рэпэраў Oxxxymiron і Noize MC на прадмет экстрэмізму, рэабілітацыі нацызму і «нэгатыўнага стаўленьня да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Паводле паведамленьня, апублікаванага на афіцыйным сайце СК Расеі, Бастрыкін ініцыяваў праверку пасьля звароту да яго нейкай «ініцыятыўнай групы патрыётаў».

Праз некалькі гадзін СМІ знайшлі адпаведны зварот на блог-плятформе Livejournal. Яго апублікаваў карыстальнік зь нікам yakushef. У тэксьце сказана, што «злачынная дзейнасьць» рэпэраў «перайшла ўсе межы дапушчальнага і стала нацыянальнай пагрозай, больш небясьпечнай за пашырэньне NATO».

Далей са звароту становіцца ясна, што ён носіць адкрыта сатырычны характар. Аўтары, у прыватнасці, акцэнтуюць увагу Бастрыкіна на тое, як «Noize MC малюе твар нашых сілавікоў: шасьцёркі, сэксоты ў пагонах, ідыёты, дурні ў эпалетах». «Па праўдзе сказаць, асобы кіраўнікоў нашых сілавых структур сапраўды не заўсёды ўдалыя, а калі яны пачынаюць казаць, то часам здаюцца агрэсіўнымі дэбіламі, якія спараджаюць дэпрэсію і суіцыдальныя настроі», — сказана ў звароце да Бастрыкіна.

Пра Oxxxymiron у тэксьце гаворыцца, што ён «сэксуальна абразіў дзеяча апазыцыі Кацярыну Шульман».

Пасьля даручэньня Бастрыкіна праверыць творчасьць рэп-выканаўцаў карыстальнік Livejournal yakushef заклікаў Сьледчы камітэт «спыніцца». «Не было ніякага „звароту групы патрыётаў“. Гэта ж быў жарт. Выдуманы зварот, спэцыяльна напісаны ў ідыёцкай форме, сатыра на наш час», — рэзюмаваў ён.

  • Рэпэры Oxxxymiron (сапраўднае імя — Мірон Фёдараў) і Noize MC (Іван Аляксееў) неаднаразова бралі ўдзел у мітынгах расейскай апазыцыі і публічна падтрымлівалі яе прадстаўнікоў, у прыватнасьці Аляксея Навальнага. У Oxxxymiron гэтымі днямі выйшаў першы пасьля працяглага перапынку альбом, многія крытыкі назвалі яго падзеяй года. Білеты на канцэрты рэпэра ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, якія заплянаваны на сакавік наступнага году, былі раскуплены за некалькі сутак пасьля старту продажаў.
  • Раней кіраўнік СК Расеі Бастрыкін даручыў праверыць на прадмет рэабілітацыі нацызму выказваньне аб Дні Перамогі папулярнага расійскага рэпэра Morgenshtern — пасьля таго, як музыка публічна ўсумніўся ў неабходнасьці марнаваць велізарныя сумы на сьвяткаваньні 9 траўня. Таксама кіраўнік СК заявіў, што Morgenshtern «гандлюе наркотыкамі праз сацыяльныя сеткі». Якіх-небудзь доказаў Бастрыкін не прывёў, тым не менш пасьля яго слоў быў адменены канцэрт рэпэра ў Маскве, а сам выканаўца пакінуў Расею.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG