Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў заявіў, што «наеўся канстытуцый, улады і ўсяго іншага»


Аляксандар Лукашэнка.

Падчас прызначэненьня кіраўнікоў мясцовых органаў улады Аляксандар Лукашэнка расказаў аб прычынах унясеньня зьменаў у Канстытуцыю краіны. Увязаў гэта з NATO пад Смаленскам.

Падчас узгадненьня кіраўнікоў мясцовых органаў улады Аляксандар Лукашэнка расказаў аб прычынах унясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю краіны. Увязаў гэта з NATO пад Смаленскам.

«Мы б дапусьцілі вялікую памылку, каб пацярпелі летась паразу. Краіны б проста не існавала. Калі б яны на адны суткі прыйшлі да ўлады, тут бы ўжо блёк NATO стаяў пад Смаленскам. Дастаткова на суткі захапіць уладу і паклікаць сюды замежныя войскі. Канстытуцыя дае магчымасьць прэзыдэнту гэта зрабіць. Быў бы іх чалавек, ён бы гэтым скарыстаўся. Вось чаму спрабуем падраўняць Канстытуцыю», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён пагадзіўся, што ў цяперашніх умовах «нельга засяроджваць уладу ў руках аднаго чалавека».

«Гэта не сярэдзіна 1990-х, калі катастрофа была: ніхто ня ведаў, што рабіць і куды ісьці. Так, была рызыка аддаць аднаму чалавеку такую Канстытуцыю. Але быццам нічога звышшкоднага для народу не стварылі. Цяпер трэба адысьці ад вялікай канцэнтрацыі ўлады ў адных руках. У мяне ці ў каго іншага, няважна. У будучага прэзыдэнта. І грамадзтва патрабуе зьменаў. Таму нам патрэбна новая Канстытуцыя. А не таму, што яна неабходна Лукашэнку. Слухайце, Лукашэнка ўжо наеўся гэтых канстытуцый, улады, усяго іншага. Цяпер пытаньне не ў Лукашэнку, а ў захаваньні стабільнасьці ў краіне», — паўтарыў ён свае шматлікія заявы пра ўладу, якой «наеўся».

Канстытуцыйны рэфэрэндум папярэдне заплянаваны на люты 2022 году, праект Асноўнага закону для публічнага абмеркаваньня так і не зьявіўся.

Што абяцае Канстытуцыйная камісія

Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэньня камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадае БелТА.

Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.

«Прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэмʼер-міністра, узмацніўшы яго ролю ў фармаваньні ўраду шляхам унясеньня прэзыдэнту прапаноў аб структуры ўраду, прызначэньня на пасаду намесьнікаў прэмʼер-міністра, міністраў і іншых чальцоў ураду», — адзначыў ён.

Пры гэтым Міклашэвіч заявіў, што ў Беларусі нібыта «няма аб’ектыўнай неабходнасьці мяняць форму кіраваньня».

Як Лукашэнка абяцаў рэформу Канстытуцыі

  • У сярэдзіне сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Створанай камісіі даручана распрацаваць прапановы па зьмене асноўнага закону краіны і забясьпечыць іх усенароднае абмеркаваньне.
  • Да 1 жніўня гэтага году камісія плянавала падаць Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум. У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале са старшынёй Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.
  • У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
  • У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі будзе альбо новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
  • У жніўні 2020-га на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
  • У канцы лістапада 2020-га Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
  • У сьнежні Лукашэнка заявіў, што «ўсебеларускі народны сход» трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
  • Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі як мінімум да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
  • 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. На ёй ён заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.
  • «У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.
  • Ён падкрэсьліў што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, суб’екта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG