Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевяць прыкмет сучаснага фашызму. Праверце, ці пасуюць яны да падзеяў у Беларусі


"Марш салідарнасьці", Менск. Жнівень 2020 году

Калі сёньня чалавек вымаўляе слова «фашызм», то ўспамінае пераважна часы Галакосту і статыстыку забітых. Але калі прааналізаваць саму канцэпцыю, то можа пабачыць, як шмат фашысцкіх мэтадаў выкарыстоўваюць палітыкі і сёньня.

Пісьменьнік Прыма Леві казаў, «кожная эпоха мае свой фашызм». Амэрыканскі філёзаф і прафэсар Ельскага ўнівэрсытэту Джэйсан Стэнлі ў кнізе «Як дзейнічае фашызм» апісаў мэханізмы ўзьнікненьня і папулярызацыі фашысцкай ідэалёгіі ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе.

Пасьля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі ўлада і яе апанэнты абменьваліся ўзаемнымі абвінавачаньнямі ў фашызьме. На падставе тэзісаў з кнігі амэрыканскага дасьледчыка прапануем самім пераканацца, ці маюць нешта падобнае з сучасным фашызмам паводзіны абодвух бакоў супрацьстаяньня ў Беларусі.

«Мы» супраць «Яны»

На пачатку кнігі аўтар зазначае, што фашысцкая палітыка неабавязкова павінна адназначна ператвараць дзяржаву ў фашысцкую. Мэтады фашысцкай палітыкі могуць выкарыстоўвацца нават у краінах з доўгім досьведам дэмакратыі. Але ў любым выпадку такая палітыка небясьпечная. Гэтая небясьпека вынікае, сярод іншага, і з імкненьня фашысцкай палітыкі дэгуманізаваць частку насельніцтва. Выключэньне некаторых групаў з грамадзтва прыгнятае эмпатыю рэшты і вядзе да апраўданьня антыгуманнага стаўленьня — абмежаваньня свабоды, масавых рэпрэсіяў, выгнаньня, а ў скрайніх выпадках прыводзіць да генацыду.
Адным з самых распазнавальных знакаў фашысцкай палітыкі зьяўляецца падзел. Яна імкнецца да падзелу грамадзтва на «нас» і «іх». «Яны» — лянівыя, разбэшчаныя, скарумпаваныя і маральна нікчэмныя. «Мы» — працалюбівыя, шануем законы, атрымалі свае свабоды дзякуючы нашай працы.

«Мы» цяжка працуем, таму маем права быць вышэй. «Яны» лянівыя, жывуць дзякуючы нашай працы і шчодрай сацыяльнай палітыцы дзяржавы. «Мы» ствараем, а «яны» толькі бяруць.

Менск, мітынг "За Беларусь", 25 жніўня
Менск, мітынг "За Беларусь", 25 жніўня

Фашысцкая палітыка выкарыстоўвае розныя інструмэнты. Стэнлі вылучае наступныя:

  • Мітычная мінуўшчына
  • Прапаганда
  • Антыінтэлектуалізм
  • Адарванасьць ад рэальнасьці
  • Герархія
  • Мэнтальнасьць ахвяры
  • Вяршэнства закону
  • Неспакой, зьвязаны з сэксуальнасьцю
  • Культ працы

1. Мітычная мінуўшчына

Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі. Менск, жнівень 2020 году
Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі. Менск, жнівень 2020 году
  • Фашысцкая палітыка часта спасылаецца на мітычную мінуўшчыну, якая нібыта была трагічна страчана. Паводле фашысцкай рыторыкі, у гэтым вінаватыя глябалісты, лібэралы, касмапаліты і «павага да правоў чалавека». Усё зводзіцца да таго, каб замяніць факты ўладай.
  • Фашысты адмаўляюцца ад існых гістарычных наратываў і ствараюць мітычную мінуўшчыну, якая мае на мэце падтрымаць іх візію сучаснасьці. А тая, у сваю чаргу, мадыфікуе правільнае ўспрыняцьце народам рэальнасьці. У выніку гэта стварае стан нерэальнасьці, у якім кансьпіралягічныя тэорыі і фэйкі замяняюць рацыянальную дыскусію. Парушаючы ўспрыняцьце рэальнасьці, фашысцкая палітыка стварае карысны грунт для небясьпечных і хлусьлівых меркаваньняў.

2. Прапаганда

  • Цяжка рэалізаваць палітыку, якая адкрыта прычыняе боль і крыўды вялікай групе людзей. Таму роля прапаганды ў тым, каб схаваць праблемныя мэты палітыка і замаскаваць іх ідэямі, якія зьяўляюцца прымальнымі для грамадзтва.
  • Небясьпечная барацьба за ўладу, якая дэстабілізуе грамадзтва, прадстаўляецца як імкненьне да стабілізацыі і свабоды.
  • Вельмі часта цэнтральнай часткай праграмы фашысцкіх груповак зьяўляецца барацьба з карупцыяй. Пры гэтым самі яны цалкам замяшаныя ў карупцыйныя злачынствы. У Трэцім Райху карупцыя была фактычна цэнтральным прынцыпам, але вялікая колькасьць насельніцтва ня толькі яе не заўважала, а наадварот, лічыла палітыкаў новага рэжыму за людзей найчысьцейшай маральнасьці. І сёньня фашысцкія палітыкі ведаюць, што іх прыхільнікі заплюшчаць вочы на іхную карупцыю, паколькі «яны абраныя, ім можна».
  • Фашызм ставіць ірацыянальнасьць вышэй за рацыянальнасьць, а фанатычныя эмоцыі вышэй за інтэлект.

3. Антыінтэлектуалізм

  • Фашысцкая ідэалёгія паводле свайго прынцыпу варожа ставіцца да экспэртнай думкі, навукі і праўды. Джэйсан Стэнлі зьвяртае ўвагу, што менавіта палітыкам, блізкім да фашызму, на пачатку пандэміі была ўласьцівая думка, што COVID-19 — гэта ня больш як выдумка, таму ён не нясе пагрозы.
  • Мэта фашысцкіх палітыкаў — каб публічная дыскусія стала мізэрнай, яны дэвальвуюць адукацыю, прафэсійныя веды і мову. Калі іх значэньне зьменшанае, то застаюцца выключна ўлада і племянная прыналежнасьць.
  • У фашысцкай ідэалёгіі дапушчальны толькі адзін пункт гледжаньня — яго прадстаўляе група «мы».
  • Фашысцкія палітыкі ствараюць прастору для аналізу мітаў у катэгорыі фактаў. Адукацыя ў ёй падпарадкаваная мэце — ганарыцца гераічнай мінуўшчыны.
  • Прынцыповая догма фашысцкай палітыкі абапіраецца на правіла, што мэтай прамоваў не павінна быць перакананьне інтэлекту, а ўплыў на волю.

4. Герархія

  • Для фашыста прынцып роўнасьці пярэчыць натуральнаму праву, якое разьмяшчае мацнейшыя традыцыі вышэй над іншымі.
  • У фашысцкім грамадзтве лідэр народу выконвае ролю бацькі ў традыцыйнай сям’і. У яго абсалютная ўлада над жонкай і дзецьмі. Улада патрыярхальнага бацькі вынікае зь ягонай сілы — ключавой каштоўнасьці для аўтарытарызму. Фашысцкая палітыка вельмі часта выкарыстоўвае настальгію для падтрымкі герархічнага і аўтарытарнага грамадзтва.
  • Для сучаснага фашызму, як піша Стэнлі, характэрна аб’яднаньне дзяржаўных інстытутаў (і ня толькі) на падставе ляяльнасьці як да этнічнай ідэнтычнасьці, так і да аднаго правадыра. Калі такое адбываецца, то дэмакратыя апынаецца пад пагрозай, бо гэтыя інстытуты ня ў стане выконваць сваю місію.
  • Мэтай фашызму зьяўляецца стварэньне ілюзіі натуральнага характару розьніц, якія падзяляюць групы, — навуковай падставы для герархіі чалавечай вартасьці. Калі гэтыя падзелы стануць трывалымі, замест паразуменьня паміж групамі ўзьнікае страх.
  • Паводле фашыстаў, лібэралы, якія прапагандуюць роўнасьць і свабоду, інфікуюць сваімі ідэямі чальцоў дамінантнай групы, што прыводзіць апошніх да добраахвотнага аддаваньня ўлады.
  • У выпадку роўнасьці жанчын прыняцьце лібэральных ідэй азначае зьнішчэньне патрыярхальнага грамадзтва.
Пратэст каля Палацу Незалежнасьці, 23 жніўня
Пратэст каля Палацу Незалежнасьці, 23 жніўня

5. Закон і парадак

  • Здаровая дэмакратычная дзяржава ўспрымае ўсіх грамадзянаў аднолькава. Фашысцкая рыторыка «закону і парадку» мае на мэце падзел грамадзянаў на дзьве клясы: законапаслухмяных, якія адносяцца да лепшай часткі грамадзтва, і незаконаслухмяных, горшых. Тыя, хто ня ўпісваецца нормы ўлады, парушае закон і парадак.
  • Палітыка вяршэнства закону прыцягвае масы, разьмяшчаючы «нас» у пазыцыі добрых грамадзян, а «іх» у супрацьлеглай — у ролі анархісцкіх злачынцаў, паводзіны якіх ствараюць сьмяротную пагрозу для народу. Чым больш павялічваецца страх, тым часьцей «мы» асацыюецца з усім, што добрае. «Мы» жывём у ідыліі, у якой чыстыя каштоўнасьці выстаялі, нягледзячы на касмапалітаў і лібэралаў.
  • Палітыкі, якія называюць цэлыя групы «злачынцамі», прыпісваюць ім сталыя рысы характару, якія палохаюць рэшту грамадзтва і робяць зь іх абаронцаў. Такая рыторыка аслабляе дэмакратыю і працэс мудрага прыняцьця рашэньняў, замяняючы іх страхам.

6. Сэксуальны непакой

  • Паколькі ў аснове фашысцкай палітыкі знаходзіцца патрыярхальная сям’я, то любое адступленьне ад яе будзе суправаджацца панікай. Асабліва гэта датычыць ацэнкі гомасэксуальнасьці, бо для фашыстаў яна азначае пагрозу для традыцыйных мужчынскіх роляў.
  • Фашысты спараджаюць непакой, што ў выніку пагрозаў для сям’і тыя, хто адмаўляе сям’ю як каштоўнасьць, пачнуць гвалціць іншых. Таму фашысты прадстаўляюць свабоду і роўнасьць як пагрозу.
  • Калі дэмагог зьяўляецца бацькам народу, кожны выступ супраць патрыярхальнай мужчынскай часткі і традыцыйнай сям’і будзе ўспрымацца як удар у фашысцкую візію сілы.
  • Фашысцкая ідэалёгія адкідае плюралізм і талерантнасьць. У фашысцкай палітыцы ўсе павінны мець адну рэлігію, стыль жыцьця і звычаі.
«Марш адзінства» ў Менску, 6 верасьня
«Марш адзінства» ў Менску, 6 верасьня

7. Адарванасьць ад рэальнасьці

  • Калі дзякуючы прапагандзе фашысцкім палітыкам удаецца сказіць дэмакратычную ідэю, пад сумнеў трапляе сама рэальнасьць. Зьнікае кансэнсус у пытаньні праўды.
  • Фашысцкая палітыка замяняе рацыянальную дыскусію страхам і нянавісьцю.
  • Замест рэальнасьці фашысцкая палітыка прапануе абяцаньні і заявы правадыра або яго партыі. Рэгулярная хлусьня становіцца важнай часткай працэсу, у якім фашысцкая палітыка зьнішчае інфармацыйную прастору.
  • Фашысцкі лідэр можа замяніць праўду ўладай, а потым хлусіць без аніякіх наступстваў. У выніку замены сьвету асобай, фашысцкая палітыка робіць немагчымай рацыянальную праверку аргумэнтаў.
  • Вельмі часта кансьпіралягічныя тэорыі ў фашысцкіх рэжымах выглядаюць настолькі фантастычна, што цяжка ўявіць, каб хтосьці ў такое паверыў. Іх задача — узьнікненьне сумневаў наконт верагоднасьці і сумленнасьці групы, супраць каторай гэтыя тэорыі выкарыстоўваюцца.
  • Фашысцкая палітыка намагаецца зьнішчыць узаемную павагу паміж грамадзянамі, якая зьяўляецца асновай здаровай лібэральнай дэмакратыі. У фашызьме магчымы давер толькі да адной адзінкі — правадыра.
"Марш новай Беларусі", 23 жніўня
"Марш новай Беларусі", 23 жніўня

8. Роля ахвяры

  • Выкарыстаньне пачуцьця дамінантнай групы, што, калі яна падзеліцца ўладай з грамадзтвам і меншасьцямі, «мы» стануць ахвярамі, — усеагульны элемэнт сучасных фашысцкіх поглядаў ва ўсім сьвеце.
  • Фашысцкая прапаганда разносіцца пакутлівымі тырадамі над пачуцьцём трывогі, якое суправаджае страту дамінантнай пазыцыі. Гэтае пачуцьцё страты маніпулюецца фашысцкай палітыкай такім чынам, каб узмацніць ролю ахвяры і выкарыстаць яе для апраўданьня мінулых, цяперашніх і новых формаў рэпрэсій.
  • Фашыстам уласьцівае пачуцьцё параноі адносна «пятай калёны» і «лібэралаў», якія выкарыстоўваюць рыторыку правоў чалавека. У сваіх публікацыях яны ня толькі ставяць пад сумнеў каштоўнасьці сваіх апанэнтаў, але і прапануюць, каб іх апанэнты былі кантраляваныя і караліся.
Праўладны мітынг за Лукашэнку каля консульства Літвы ў Горадні. Горадня, 3 верасьня
Праўладны мітынг за Лукашэнку каля консульства Літвы ў Горадні. Горадня, 3 верасьня

9. Arbeit macht frei (Праца робіць свабодным)

  • У фашысцкай ідэалёгіі пануе культ цяжкой працы. Апанэнты ўлады — абібокі і дармаеды.
  • Фашысты часта гавораць пра вёску, паколькі там, на іх думку, людзі жывуць цяжкой працай, у параўнаньні з горадам, які жыруе на працы іншых. Прычына яшчэ і ў тым, што гараджане рэдка падтрымліваюць пастуляты фашыстаў.
  • У фашысцкай палітыцы апанэнтаў можна вылечыць ад гультайства і злачыннасьці цяжкой працай.

Эпілёг ад аўтара

«Нехта можа абвінаваціць мяне ў перабольшваньні пагрозаў, што сучасныя прыклады не такія радыкальныя, каб параўноўваць іх з гістарычнымі злачынствамі. Але рызыка папулярызацыі фашысцкага міту рэальная, бо ў народаў ёсьць схільнасьць нармалізаваць тое, што калісьці было непрымальным. Нармалізацыя вядзе да таго, што нешта ненармальнае і незвычайнае становіцца чымсьці звыклым і прымушае нас пагаджацца на рэчы, на якія раней мы б не пагадзіліся. Слова „фашыст“ стварае ўражаньне перабольшваньня, як крык „Воўк!“. Нармалізацыя фашысцкай ідэалёгіі азначае, што скрайняя ідэалёгія перастае ўспрымацца як небясьпечная, паколькі здаецца абсалютна звычайнай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG