Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі абвясьціў, чым адкажа на санкцыі краін Захаду


Будынак МЗС Беларусі

У адказ на зьнешні ціск, накіраваны «на падрыў сувэрэнітэту Беларусі і пагаршэньне дабрабыту грамадзян», урад Беларусі пастанавіў забараніць увоз шэрагу тавараў зь дзяржаў, якія прымяняюць «незаконныя антыбеларускія санкцыі».

Адпаведная пастанова будзе падпісана ў найкарацейшыя тэрміны, гаворыцца на сайце МЗС Беларусі. Удакладняецца, што будуць зроблены неабходныя захады для насычэньня ўнутранага рынку аналягічнымі таварамі з «дружалюбных краін».

«У адказ на нелегітымныя рэстрыкцыі ў дачыненьні да беларускай авіяцыйнай галіны, у аснове якіх ляжыць нядобрасумленная канкурэнцыя, аналягічныя крокі будуць зробленыя ў адносінах да авіяперавозчыкаў Эўразьвязу і Вялікай Брытаніі. Пашыраны сьпіс тых, чый уезд на тэрыторыю Беларусі і саюзнай дзяржавы непажаданы, з краін, якія на сыстэмнай аснове дыскрымінуюць беларускіх афіцыйных асобаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый», — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве.

У якасьці адной з істотных мераў супрацьдзеяньня зьнешняму ціску «калектыўнага Захаду» і ўмацаваньню сваёй эканамічнай бясьпекі Беларусь прадоўжыць рэалізацыю саюзных праграмаў і ўмацаваньне эканамічнай інтэграцыі з Расеяй, а таксама выбудоўваньне трывалых гандлёва-эканамічных сувязей з партнэрамі па ЭАЭС і краінамі «далёкай дугі». Акрамя таго, урад рэалізуе шэраг іншых крокаў «непублічнага характару».

На мінулым тыдні краіны Эўразьвязу і іх партнэры ўвялі пяты пакет санкцый супраць афіцыйнага Менску, адразу ж пачаўшы працу над наступнымі абмежавальнымі захадамі.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG