Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Банцэру дадалі яшчэ 10 сутак у ШЫЗА, Пушкіна трымаюць у Навінках, Шарэнда-Панасюк пяты раз у карцары


Ігар Банцэр

Вядомы музыка адбывае «хімію», а адміністрацыя ўстановы працягвае ціск на яго. Банцэр ужо адседзеў у штрафным ізалятары 70 сутак і атрымаў новыя.

Родныя мастака Пушкіна ня ведаюць, што зь ім робяць у Навінках

Жонка мастака Алеся Пушкіна расказала «Народнай волі», што яе муж цяпер у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псыхічнага здароўя ў Навінках, куды для «правядзеньня экспэртызы» яго накіравалі зь менскага СІЗА № 1.

«Калі нічога не зьмянілася, значыць, ужо каля месяца ён знаходзіцца ў „Навінках“. На жаль, ніякай інфармацыі, бо адвакат пад падпіскай аб неразгалошваньні. Зьнікла з Алесем і сувязь празь ліставаньне. Калі з ізалятара больш-менш нармальна прыходзілі лісты, то апошні атрымала месяц таму. Хоць тады муж ніякім чынам ня згадваў, што могуць зьмясьціць у псыхіятрычную лякарню. Ад таго часу — поўная цішыня», — кажа Яніна Пушкіна.

Сёлета 30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Мастак — фігурант крымінальнай справы, якую распачала пракуратура паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці) «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».

Падставай стаў напісаны ім партрэт антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні.

Пазьней прэтэнзіі ў сьледчых узьніклі і да цыклю твораў мастака, які ён стварыў больш за 20 гадоў таму.

Адміністрацыя гомельскай жаночай калёніі пяты раз пасадзіла ў карцар Паліну Шарэнду-Панасюк

З 1 сьнежня на 10 содняў Паліна зноў зьмешчаная ў карцар, — паведаміў «Белсату» яе муж Андрэй Шарэнда.

У гомельскай жаночай калёніі Паліна са жніўня, і за гэты час яна ўжо пяты раз была ў карцары.

Паліна не прызнае гэтую ўладу, лічыць сябе захопленай у палон, і іх гэта раздражняе, яны не могуць яе зламаць, і вось такім чынам помсьцяць, — кажа Андрэй.

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня ва ўласным доме, куды ўламаліся сілавікі. Суд Маскоўскага раёну Берасьця 9 чэрвеня прызначыў Паліне Шарэндзе-Панасюк 2 гады калёніі. Яе прызналі вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Абраза прэзыдэнта» (арт. 368), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364).

Музыку Банцэру прызначылі 10 сутак ШЫЗА

Сваякі рок-музыкі Ігара Банцэра паведамілі «Белсату», што ён застаецца ў штрафным ізалятары. За што гэтым разам Банцэра зьмясьцілі туды, невядома.

25 лістапада Банцэру прызначылі 10 сутак ШЫЗА за тое, што ён запісаў відэа для журналістаў «Медиазоны» пра ўмовы ўтрыманьня на «хіміі», дзе адбывае пакараньне, і паказаў, як яму праз краты перадаюць ежу. Гэта супрацоўнікі ПУАТ № 9 палічылі парушэньнем рэжыму.

Агулам са жніўня ў віцебскай папраўчай установе Ігар Банцэр адседзеў у ШЫЗА ўжо 70 сутак. Раней лідэр вядомага панк-гурту Mister X адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Хто такі Ігар Банцэр

  • Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
  • Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
  • Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
  • Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
  • Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
  • Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
  • 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
  • Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
  • На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
  • 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
  • Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
  • Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
  • 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
  • Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG