Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’ю палітзьняволенай Шарэнды-Панасюк высяляюць з арандаванай у Берасьцейскага гарвыканкаму кватэры


Сям’я Паліны і Андрэя Шарэндаў. Архіўнае фота

Пра гэта Свабодзе паведаміў муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда.

Берасьцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца за кратамі з 3 студзеня 2021 году. Цяпер яна адбывае пакараньне ў гомельскай папраўчай калёніі № 4. Там яе ўжо тры разы за паўтара месяца зьмяшчалі ў ШЫЗА.

Муж Паліны Андрэй Шарэнда выехаў ад перасьледу зь Беларусі, дзеці жывуць у Беларусі з бабуляй, фактычна высяляюць і іх, кажа Андрэй.

«Мы апошнія 6 гадоў жылі ў камэрцыйнай арэнднай кватэры, якую здаваў гарвыканкам, расказаў Свабодзе Андрэй Шарэнда.— Груба кажучы, заключаецца дамова на доўгі тэрмін, на 5 год, на арэнду кватэры, і ты там жывеш, прычым плаціш не паводле льготнага тарыфу, як дзяржава кажа, а па цэнах нават вышэйшых, чым на рынку, прынамсі мы так апошнім часам плацілі.

І вось, як я даведаўся, ад 1 сьнежня экстраным рашэньнем кіраўніка гарвыканкаму нас пазбавілі права на арэнду і прыйшоў загад пакінуць памяшканьне на працягу некалькіх тыдняў. Дакладнага тэрміну ня ведаю, без прапановы іншага жылога памяшканьня. Я, жонка і дзеці былі там прапісаныя і зарэгістраваныя больш за 6 год.

У іншае месца цяпер, натуральна, ні я, ні Паліна ня можам зарэгістравацца. Такім спосабам яны пазбавілі мяне, дзяцей і жонкі рэгістрацыі ў Беларусі, прапіскі і часткі грамадзянства, можна і так сказаць. Там пакуль знаходзяцца нашыя рэчы, ня ведаю, колькі часу нам дададуць, каб выселіцца».

У рашэньні Берасьцейскага гарвыканкаму ад 1 сьнежня, якое даслалі Андрэю, гаворыцца пра скасаваньне рашэньня гарвыканкаму ад 2 лістапада 2021 году пра даваньне арэнднага жытла.

Рашэньне Берасьцейскага гарвыканкаму, які сям'я Шарэндаў была пазбаўленая арэнднага жыльця.
Рашэньне Берасьцейскага гарвыканкаму, які сям'я Шарэндаў была пазбаўленая арэнднага жыльця.

Паводле Андрэя, у ягонай жонкі Паліны ў калёніі да гэтага моманту дзейнічае забарона на пасылкі, на прадуктовую да 15 сакавіка, таксама абмежаваныя закупы ў краме:

«Замест 6 базавых — 2 (гэта 58 рублёў), то бок нешта неабходнае купіць на гэтыя грошы проста немагчыма. Пазбаўлена яна таксама тэлефанаваньняў, відэасувязі і спатканьняў, як я разумею, увогуле на неабмежаваны пэрыяд. Яна прынцыпова адмаўляецца пісаць нейкія прашэньні».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG