Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе пра сьмерць у Кіеве Віталя Шышова вынікі экспэртыз не паведамляюць, сьледчыя дзеяньні працягваюць


Акцыя памяці Віталя Шышова ў Кіеве, 3 жніўня 2021 г.

Сьледчыя ў справе пра сьмерць у Кіеве кіраўніка Беларускага дому ва Ўкраіне Віталя Шышова працягваюць расьсьледаваньне, але пакуль не паведамляюць вынікаў судова-мэдычнай экспэртызы.

Згодна з інструкцыяй, зацьверджанай Міністэрствам аховы здароўя Ўкраіны, правядзеньне экспэртызы павінна завяршыцца цягам аднаго месяца з дня атрыманьня ўсіх неабходных матэрыялаў. Але і праз чатыры месяцы сьледзтва не паведамляе, ці завяршылі дасьледаваньне сабраных матэрыялаў і якія вынікі атрымалі.

Раней паведамлялі, што для поўнага і ўсебаковага вывучэньня абставінаў сьмерці Віталя Шышова правялі шэраг экспэртыз, у тым ліку дактыляскапічную, малекулярна-генэтычную, трасалягічную, мэдыка-крыміналістычную, комплексную экспэртызу матэрыялаў, рэчываў і прадметаў, а таксама пасьмяротную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу. Вынікі накіравалі на вывучэньне запрошаным зь Літвы міжнародным экспэртам.

Сьледчыя паліцыі Кіева і гарадзкая пракуратура, якая ажыцьцяўляе нагляд за расьсьледаваньнем, таксама не паведамляюць, колькі сьведак дапытана ў справе. Як стала вядома Свабодзе, некаторых дапытвалі па некалькі разоў.

«Дасудовае расьсьледаваньне паводле факту сьмерці Віталя Шышова працягваецца. На гэты час у крымінальным вядзеньні дапыталі дзясяткі сьведак, у тым ліку сярод блізкага атачэньня Віталя Шышова, правялі сьледчыя экспэрымэнты, значную колькасьць экспэртыз, дэталёва прааналізавалі апошнія тыдні жыцьця памерлага і ягоныя кантакты», — паведамілі Свабодзе ў Кіеўскай гарадзкой пракуратуры.

Апроч таго, сьледзтва зьвярнулася ў Беларусь па міжнародна-прававую дапамогу і чакае адказу на свой зварот.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома?

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся.

Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларускі дом ва Ўкраіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі харчамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.

Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіеву непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сьляды зьбіцьця. Ягонае цела доўга не аддавалі для пахаваньня, аргумэнтуючы неабходнасьцю завяршэньня экспэртыз. Віталя Шышова пахавалі толькі 26 верасьня на Паўночных могілках Кіева.

  • Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне.
  • Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі. Нядаўна гэтая арганізацыя паведаміла пра намер найбліжэйшым часам апублікаваць вынікі свайго расьсьледаваньня на гэтую тэму.
  • 6 верасьня міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што сьледзтва ў справе аб сьмерці Віталя Шышова ўжо вызначылася з вэрсіяй трагедыі. Пра гэта Дзяніс Манастырскі заявіў у інтэрвію агенцтву «Інтерфакс-Україна», адказваючы на пытаньне, ці зразумела ўжо, што гэта было — самагубства ці забойства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG