Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 30 гадоў таму падпісаныя Белавескія пагадненьні, 22 гады таму — дамова аб «саюзнай дзяржаве»


Падпісаньне Белавескіх пагадненьняў аб спыненьні існаваньня СССР, 8 сьнежня 1991 г.

Падзеі 8 сьнежня ў Беларусі, у сьвеце, у гісторыі

Дата дня

8 сьнежня 1991 году ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны Станіслаў Шушкевіч, Вячаслаў Кебіч, Барыс Ельцын, Генадзь Бурбуліс, Леанід Краўчук і Вітольд Фокін афіцыйна дэнансавалі дагавор аб утварэньні СССР і ўтварылі Садружнасьць Незалежных Дзяржаў.

Год таму ў гэты дзень

  • Суд Фрунзэнскага раёну прысудзіў Дзянісу Граханаву, Ігару Самусенку і Ўладзіславу Гулісу два гады калёніі за надпіс «Не забудзем», які яны пакінулі ў ноч на 9 верасьня на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску.
  • Дзяржаўная тэлевізія абвінаваціла былога палітвязьня Мікалая Аўтуховіча ў арганізацыі тэрактаў.
Мікалай Аўтуховіч, 2016 год
Мікалай Аўтуховіч, 2016 год
  • Новы пасол Францыі Нікаля дэ Лякост уручыў копіі даверчых граматаў міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею.
  • Фэдэрацыя хакею Беларусі аштрафавала аршанскі хакейны клюб «Лякаматыў» на 675 беларускіх рублёў, бо гульцы не трымалі руку на сэрцы падчас выкананьня гімну.

Таксама ў гэты дзень

1432 — Ашмянская бітва паміж войскамі вялікіх князёў Сьвідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча.

1854 — папа Пій ІХ устанавіў догмат каталіцкай царквы аб беззаганным зачацьці Дзевы Марыі, маці Ісуса Хрыста.

1926 — у склад БССР увайшлі Рэчыцкі і Гомельскі паветы.

1955 — Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы зацьвердзіла свой сьцяг — цяперашні сьцяг Эўразьвязу.

1958 — у Мадрыдзе з ініцыятывы Рады БНР пачалася трансьляцыя беларускіх радыёперадач гішпанскага радыё, якія рэдагаваў Янка Сурвіла з дапамогай сваёй жонкі Івонкі. Вяшчаньне ішло да траўня 1965 году, у эфір выйшла больш за 2300 перадач.

Янка Сурвіла ў часе падрыхтоўкі беларускай радыёперадачы, Мадрыд, 1958.
Янка Сурвіла ў часе падрыхтоўкі беларускай радыёперадачы, Мадрыд, 1958.

1974 — у Грэцыі праз рэфэрэндум была скасаваная манархія.

1999 — кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. У інтэрвію Радыё Свабода Васіль Быкаў назваў гэта «злачынствам стагодзьдзя».

У гэты дзень нарадзіліся

1832 Б’ёрнст’ернэ Б’ёрнсан, нарвэскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.

1914Чэслаў Сіповіч, грэкакаталіцкі біскуп, актыўны дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі, заснавальнік Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

Чэслаў Сіповіч
Чэслаў Сіповіч

Пакліканьне да царкоўнага жыцьця Чэсь адчуў зь дзяцінства, што і прывяло яго ў гімназію пры Друйскім кляштары беларускіх айцоў марыянаў. Як самыя багаславёныя гады прыгадваў Сіповіч час, калі слухаў у Віленскай alma mater курсы філязофіі й тэалёгіі ды жыў у Доме марыянаў, якім кіраваў айцец Язэп Германовіч.

Атрымаўшы магчымасьць працягваць навучаньне ў Рыме, Часлаў прыняў бізантыйскі абрад. Папскі Грыгарыянскі ўнівэрсытэт ён скончыў ужо сьвятаром.

Пасьля вайны Сіповіч стаў заснавальнікам і першым рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане, дзе браў чынны ўдзел у дзейнасьці Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі й Ангельска-беларускага таварыства, шмат гадоў супрацоўнічаў з часопісам «Божым Шляхам». Гэта айцец Часлаў навярнуў да беларушчыны выпускніка Сарбоны і Оксфарду Гая дэ Пікарду.

Як апостальскі візытатар беларусаў-каталікоў абодвух абрадаў у эміграцыі Часлаў Сіповіч зьдзейсьніў два падарожжы вакол сьвету, прывозячы адусюль бібліяграфічныя рэдкасьці для фондаў будучай Лёнданскай бібліятэкі імя Скарыны.

Адкрыцьцё Скарынаўкі ў 1971-м падаравала яму адзін з самых сьветлых момантаў жыцьця. Ёсьць нешта сымбалічнае ў тым, што якраз у дзень адзначэньня дзесяцігодзьдзя бібліятэкі, што зрабілася найбагацейшым беларускім кнігазборам па-за межамі Беларусі, уладыка адышоў у лепшы сьвет. Сіповіч толькі-толькі пасьпеў адслужыць сьвяточную літургію ў лёнданскай Беларускай царкве Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.

У памяці многіх уладыка застаўся асобаю, далёкай ад аскезы. Літаратуразнаўца-беларусіст Арнольд Макмілін згадвае, як біскуп любіў уладкавацца ў садзе пад яблыняй з томам Дастаеўскага і бутэлькаю шаблі.

На пачатку гэтага стагодзьдзя выйшла кніга выдатнага рэлігійнага дзеяча нашай эміграцыі, гісторыка Беларускай царквы айца Аляксандра Надсана «Біскуп Чэслаў Сіповіч. Сьвятар і беларус», якая адразу трапіла ў разрад рарытэтаў.

У друйскім касьцёле Сьвятой Тройцы да 100-годзьдзя Сіповіча ўсталяваная мэмарыяльная пліта — «Выгнанаму сыну гэтай зямлі ўдзячныя суродзічы».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 334–335.

1918Аляксандр Махнач, беларускі навуковец-геоляг, акадэмік, у 1973–1986 гадах — віцэ-прэзыдэнт АН БССР. Удзельнічаў у адкрыцьці на тэрыторыі Беларусі нафтавых радовішчаў, радовішчаў калійнай і каменнай соляў, жалезнай руды, гаручых сланцаў.

1935Рыгор Родчанка, беларускі краязнаўца, пэдагог, фальклярыст, паэт, літаратуразнаўца.

У памяці

1937Язэп Гаўрылік, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.

1937 — Ігнат Дварчанін, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзяяч.

1968 Ванда Лявіцкая (у замужжы Лёсік), пісьменьніца, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.

Хранічная беларуская хвароба, уласьцівая, на жаль, і многім нібыта нацыянальна арыентаваным сучасьнікам, — выхаваная за два стагодзьдзі русыфікацыі расейскацэнтрычнасьць.

Нашых мастакоў або пісьменьнікаў крытыкі абавязкова параўноўваюць з расейскімі. Вынаходніка субмарыны Казімера Чарноўскага называюць «беларускім Кулібіным».

А жонкі нашых палітвысланцаў пачатку 1930-х (пазьней ужо давалі канцлягер або расстрэльвалі), што паехалі ўсьлед за мужамі ў далёкія дзікія краі, ведама ж, бралі прыклад з жонак дзекабрыстаў. Зусім ня маючы на мэце паставіць пад сумнеў гераізм верных спадарожніц першых расейскіх рэвалюцыянэраў, заўважу, што іхні прыклад тут абсалютна ні пры чым. Нашым жанчынам з пракаветных часоў (пагатоў цягам стагодзьдзяў яны мелі нязьмерна болей правоў, чым расейкі) самім ставала мужнасьці, адвагі й рашучасьці, якім магла б пазайздросьціць і нібыта мацнейшая палова нацыі.

Ванда Лявіцкая была адзінай дачкою пісьменьніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага). Пасьля Вышэйшай пачатковай вучэльні ў Радашкавічах яна рыхтавалася да экзамэнаў на вясковую настаўніцу, але гэтаму намеру ўрэшце перашкодзілі каталіцкае веравызнаньне і пачатак Першай усясьветнай вайны.

Далейшы шлях прыгажуні Ванды прадвызначыла сямейнае выхаваньне. Асталяваўшыся з 1914 году ў Менску, яна працавала ў Беларускай кнігарні й гарадзкой бібліятэцы імя Пушкіна, куды яе рэкамэндавала сама Цётка.

Потым была выхавацелькай і выкладчыцай у беларускіх дзіцячых прытулках і ў Першай менскай беларускай школе.

Яна ліставалася з Максімам Багдановічам. Магчыма, найперш якраз да Ванды ехаў паэт зь Яраслаўля ў 1916-м.

Пазьней Лявіцкая стала жонкаю палітыка, навукоўца і пісьменьніка, аднаго з стваральнікаў БНР Язэпа Лёсіка.

Іх зблізіла ня толькі каханьне, але і тое, што Ванда таксама займалася літаратурнай творчасьцю: друкавала вершы й апавяданьні ў «Нашай Ніве», газэтах «Беларусь» і «Вольная Беларусь».

Калі Язэпа Лёсіка арыштавалі ў справе Саюзу вызваленьня Беларусі, Ванда, каб дзеці не загінулі ад голаду, бралася за любую працу — пасудамыі, разносчыцы тэлеграмаў, а як гэта сталася магчымым, паехала да высланага мужа, каб дзяліць зь ім усе нягоды да паўторнага, ужо фатальнага арышту каханага Язэпа ў 1938-м.

Дзеці Лёсікаў — Люцыя, Алеся й Юры — у Беларусь не вярнуліся, на што, безумоўна, паўплываў трагічны лёс бацькі. Ванда па чарзе жыла ў іх у Расеі. Яна перажыла мужа на тры дзесяцігодзьдзі, а свой апошні спачын знайшла ў стаўрапольскім пасёлку, куды некалі выправілася да Язэпа ў высылку.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 280-281.

1980 — у Нью-Ёрку быў застрэлены Джон Ленан, музыка легендарнага гурту The Beatles.

Сьцяна Ленана ў Празе
Сьцяна Ленана ў Празе

2016 — памёр адзін зь першых астранаўтаў Джон Глен. 20 лютага 1962 году Глен стаў першым астранаўтам ЗША, які зьдзейсьніў арбітальны касьмічны палёт — тры віткі вакол Зямлі. Да яго субарбітальны палёт ажыцьцявілі астранаўты Алан Шэпард і Вірджыл Грысам.

Джон Глен, 1998
Джон Глен, 1998

2019 — памерла праваабаронца, адна з заснавальніц Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG