Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралія далучылася да дыпляматычнага байкоту Алімпіяды-2022 у Пэкіне


Прэм’ер-міністар Аўстраліі Скот Морысан

Аўстралію на зімовых Гульнях будуць прадстаўляць толькі спартоўцы, дыпляматычнай дэлегацыі ня будзе праз палітычны курс Кітаю.

Аўстралія не пашле сваіх чыноўнікаў на зімовыя Алімпійскія гульні 2022 годзe ў Пэкін праз парушэньні правоў чалавека ў Кітаі, пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Аўстраліі Скот Морысан, піша Reuters. Ён адзначыў, што краіну ў кітайскай сталіцы прадставяць выключна спартоўцы.

Такое рашэньне прынялі таму, што Аўстралія ня можа адкрыць каналы для абмеркаваньня з афіцыйным Пэкінам парушэньняў правоў чалавека ў Сіньцзяне, а Кітай блякуе імпарт аўстралійскіх тавараў. Канбэра забараніла Huawei Technologies у сваёй шырокапалоснай сетцы 5G у 2018 годзе і заклікала да незалежнага расьсьледаваньня паходжаньня COVID-19. У адказ Пэкін увёў тарыфы на некалькі аўстралійскіх тавараў, уключаючы вугаль, ялавічыну, ячмень і віно.

«Аўстралійскія афіцыйныя асобы не маглі размаўляць са сваімі кітайскімі калегамі на працягу некалькіх месяцаў, і сувязь ажыцьцяўляецца выключна праз дыпляматаў», — сказаў Морысан.

Морысан падкрэсьліў, што любыя далейшыя бар’еры ў гандлі будуць «цалкам непрымальнымі».

У алімпійскім камітэце Аўстраліі заявілі, што дыпляматычны байкот не закране 40 аўстралійскіх спартоўцаў, якія прымуць удзел у зімовай Алімпіядзе.

6 сьнежня прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі заявіла, што ЗША не адправяць сваіх чыноўнікаў на зімовую Алімпіяду 2022 году праз парушэньні правоў чалавека ў Кітаі. Пры гэтым яна адзначыла, што амэрыканскія спартоўцы змогуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях.

У МЗС Кітаю адрэагавалі на пачаты дыпляматычны байкот, заявіўшы, што амэрыканскіх чыноўнікаў ніхто ў Пэкін яшчэ не запрашаў, каб яны адмаўляліся ад гэтага, а самі дзеяньні ЗША зьяўляюцца «абразьлівымі». Выказваньні і намеры амэрыканскага боку там назвалі «палітычнай маніпуляцыяй». У выпадку ж адмовы ЗША зьмяніць свой погляд на пэкінскую Алімпіяду, Кітай паабяцаў «контразахады».

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў пра тое, што будзе трымацца нэўтралітэту ў гэтай сытуацыі, паколькі рашэньне не адпраўляць дыпляматычную дэлегацыю ў Пэкін — гэта палітычнае рашэньне ўладаў канкрэтнай дзяржавы, якое МАК паважае, але ніяк не камэнтуе, не асуджаючы і не ўхваляючы яго.

Алімпіяда пройдзе ў Пэкіне з 4 па 20 лютага 2022 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG