Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віскулі — прадухіленьне ядзернага сцэнару


Ёсьць памылка, якую я часта бачу нават у публікацыях сур’ёзных дасьледчыкаў і палітолягаў ды практычна заўсёды — у журналістаў; апошні раз — у артыкуле New Yorker, прысьвечаным Ціханоўскай. Памылка ў сьцьвярджэньні, што Беларусь (Украіна, Грузія, etc.) атрымалі незалежнасьць у выніку распаду СССР.

Насамрэч гэта распад СССР быў непазьбежным вынікам працэсу сувэрэнізацыі рэспублік, што можна прасачыць храналягічна: Літва абвясьціла Незалежнасьць 11 сакавіка 1990-га, Украіна — 24 жніўня 1991-га, Беларусь — 25 жніўня 1991-га. Да Віскулёў усе саюзныя рэспублікі, акрамя адной, дэ-юрэ былі незалежнымі (хітрамудры будучы елбасы Назарбаеў перахітрыў сам сябе, спадзеючыся, як кажуць, атрымаць ад Гарбачова пасаду прэм’ера СССР, і Казахстан прагаласаваў за незалежнасьць толькі 16 сьнежня).

Так бывае ў гісторыі: працэсы зусім не абавязкова фіксуюцца нейкім адным днём і нават адным годам. Мы ведаем дакладна дзень абвяшчэньня незалежнасьці ЗША, але часта забываем, што яшчэ шэсьць гадоў ішла вайна з Брытаніяй, аж пакуль кароль не прызнаў Амэрыку самастойнай краінай.

Але пры ўсім гэтым падпісаньне Белавескіх пагадненьняў, бясспрэчна, паставіла кропку ў існаваньні СССР.

Звычайна называюць імёны трох падпісантаў — прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Барыса Ельцына і Леаніда Краўчука, а таксама старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, але іх было шасьцёра — свае подпісы паставілі кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Ўкраіны Вячаслаў Кебіч і Вітольд Фокін, а таксама дзяржсакратар Расеі Генадзь Бурбуліс.

Канечне, варта аддаць належнае і дэпутатам Вярхоўных Саветаў Украіны, Беларусі і Расеі, якія ратыфікавалі пагадненьне, і ўдзельнікам саміту ў Алма-Аце — лідэрам рэспублік, якія 21 сьнежня пацьвердзілі рашэньні, прынятыя ў Віскулях.


Варта сказаць і пра прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова, у якога хапіла цьвярозасьці зразумець непазьбежную лёгіку Гісторыі і падаць 25 сьнежня 1991 году ў адстаўку. Наўрад ці яму ўдалося б захаваць сваю пасаду надоўга, але трэба прызнаць, што пры пэўных абставінах ён мог бы істотна ўскладніць працэс дэмантажу імпэрыі (прыгадаем, што вядучыя дзяржавы, у прыватнасьці ЗША, цягнулі з прызнаньнем незалежных рэспублік (акрамя балтыйскіх) да апошняга, спадзеючыся, што Гарбачоў утрымае кантроль над сытуацыяй, і прызналі незалежнасьць, у тым ліку і Беларусі, толькі пасьля ягонай адстаўкі).

Вядома, ужо ў тыя дні былі бачныя і хібы пагадненьняў. Ужо пры іх ратыфікацыі 10 сьнежня лідэр парлямэнцкай апазыцыі Зянон Пазьняк выказаў засьцярогу, што СНД трансфармуецца ў новы «саюз» пад кантролем Масквы (так яно потым, збольшага, і адбылося), што Беларусь павінна ісьці незалежным шляхам (як суседнія Літва і Латвія). Але наўрад ці тагачасны склад пракамуністычнага Вярхоўнага Савету мог прыняць рашэньні, падобныя да тых, што прынялі літоўскія і латвійскія дэпутаты; прапанову ж аб датэрміновых выбарах большасьць дэпутатаў адкінула.

Нельга назваць ідэальнымі і некаторыя рашэньні, прынятыя ў Алма-Аце, асабліва ў частцы падзелу так званай «саюзнай маёмасьці» — дастаткова прыгадаць, што практычна ўся нерухомасьць дыпляматычных місіяў былога СССР за мяжой адышла Маскве. У прынятай яшчэ ў 1990-м Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР было запісана, што Беларусь мае права на сваю частку залатога і алмазнага фондаў СССР — але пытаньне гэтае так і не было пастаўлена (што праўда, золата ў Маскве заставалася — купіць у Канадзе хлеба на тры дні).

А вось пытаньне, хто зойме пасьля СССР месца сталага прадстаўніка ў Радзе Бясьпекі ААН, абмяркоўвалася, хоць і зусім ня доўга: лідэры пагадзіліся, што яно прыпадзе Расеі. Між тым прэтэндавала на яго Японія; уявіце, калі б у найважнейшых пытаньнях гучаў бы голас ня пуцінскай Масквы, а Токіё.

І ўсё ж гэта былі гістарычныя дні 30 гадоў таму. Памятаю словы дэпутата БНФ Лявона Баршчэўскага: «Імпэрыя распалася, крыві было праліта, але яе магло быць значна, значна болей».

Сапраўды, распад СССР у сьнежні 91-га не зьявіўся «геапалітычнай катастрофай» (як гэта некаторыя хочуць прадставіць), а наадварот — прадухіліў сцэнар ня толькі крывавага, як у Югаславіі, але і, ня выключана, ядзернага распаду камуністычнай імпэрыі — магчыма, самай крыважэрнай у гісторыі чалавецтва.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG