Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NYT: Былы авіядыспэтчар расказаў, што прымусовая пасадка самалёта Ryanair у Менску была апэрацыяй беларускіх спэцслужбаў


Маршрут самалёта Ryanair, які прымусова пасадзілі ў менскім аэрапорце

Былы авіядыспэтчар расказаў польскім сьледчым, што яму вядома пра прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску ў траўні сёлета. У выніку гэтай пасадкі беларускія сілавікі затрымалі двух пасажыраў самалёта — журналіста Рамана Пратасевіча і грамадзкую актывістку Соф’ю Сапегу.

Пра гэта піша The New York Times.

Крыніцы газэты паведамілі, што ў Польшчы знаходзіцца былы авіядыспэтчар менскага аэрапорту. З моманту ўцёкаў зь Беларусі ён даў падрабязныя доказы таго, што рэйс Ryanair быў пасаджаны ў Менску пры дапамозе фальшывай пагрозы бомбы на борце ў рамках апэрацыі па захопе Пратасевіча, арганізаванай беларускімі спэцслужбамі.

Адказваючы на пытаньне пра ўцекача, дырэктар Дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі Польшчы Станіслаў Жарын адмовіўся камэнтаваць канкрэтыку, але сказаў, што польскія чыноўнікі, якія расьсьледуюць тое, што ён назваў «згонам самалёта», здолелі «атрымаць справаздачу непасрэднага сьведкі дзеяньняў».

Ён дадаў, што, па словах сьведкі, у гэты час у дыспэтчарскай вежы знаходзіўся супрацоўнік КДБ Беларусі, які «у вырашальны момант узяў пад кантроль авіядыспэтчара». На працягу ўсяго інцыдэнту супрацоўнік КДБ «падтрымліваў пастаянны тэлефонны кантакт з кімсьці, каму ён паведамляў пра тое, што цяпер адбываецца з самалётам», сказаў Жарын.

Аповед перабежчыка аб тым, што адбылося, прынцыпова не зьмяняе папярэдніх ацэнак сытуацыі, але цяпер яны пацьверджаныя сьведкам, які меў непасрэднае дачыненьне да інцыдэнту, і гэта дапаможа польскім пракурорам падвесьці салідную юрыдычную базу супраць беларускіх чыноўнікаў, адзначае The New York Times.

Крыніцы выданьня кажуць, што размова ідзе пра авіядыспэтчара Алега Галегава.

Дзяжурны ў менскай дыспэтчарскай вежы падчас інцыдэнту з Ryanair Галегаў паведаміў пілёту самалёта, што на борце знаходзіцца бомба і што ён павінен спыніць палёт у Вільню і прызямліцца ў Менску «зь меркаваньняў бясьпекі».

«Для вашага ведама, у нас ёсьць зьвесткі ад спэцслужбаў, што ў вас на борце ёсьць бомба і яна можа быць актываваная над Вільняй», — сказаў авіядыспэтчар, паводле апублікаванай у траўні стэнаграмы яго перамоваў з самалётам Ryanair. Лётчык, літовец, да гэтых словаў спачатку паставіўся скептычна.

Праз 20 хвілінаў перамоваў пілёт пагадзіўся перанакіраваць самалёт у Менск.

Тое, што пагроза выбуху Ryanair была падманам, ніколі не выклікала ніякіх рэальных сумневаў, піша амэрыканскае выданьне. Ліст, адпраўлены ад імя ХАМАС, з папярэджаньнем аб бомбе і прыведзены беларускімі ўладамі як доказ сапраўднай рызыкі бясьпекі, быў адпраўлены толькі пасьля таго, як самалёту было загадана прызямліцца ў Менску.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG