Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі: сёлета супраць сілавікоў учынілі 2000 «злачынстваў»


Сілавікі ў цэнтры гораду і каля плошчы Бангалор, дзе на 14-ю гадзіну была анансаваная акцыя пратэсту. Менск, 27 сакавіка 2021 г.

У большасьці выпадкаў гаворка пра абразы і пагрозы на адрас сілавікоў і іх блізкіх. Крымінальных справаў за катаваньні і сьмерці пратэстоўцаў дагэтуль няма.

За дзесяць месяцаў 2021 году ў дачыненьні да міліцыянтаў і вайскоўцаў учынена амаль 2 тысячы злачынстваў «у сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў». За «злачынствы» супраць сілавікоў да адказнасьці прыцягнулі 332 чалавекі.

Пра гэта ў інтэрвію ведамаснай газэце «На страже» сказаў начальнік Галоўнага ўпраўленьня ўнутранай бясьпекі МУС Беларусі Алег Ларын.

Па яго словах, у большасьці выпадкаў гаворка пра абразы і пагрозы на адрас сілавікоў і іх блізкіх, але ёсьць і факты гвалту. Але ніводнага такога прыкладу прадстаўнік ведамства не назваў.

Суды задаволілі патрабаваньні аб кампэнсацыі супрацоўнікам міліцыі і вайскоўцам маральнай шкоды на суму звыш 375 тысяч рублёў.

У той жа час органы пракуратуры і Сьледчага камітэту не задаволілі ніводнага пазову ці скаргі на дзеяньні сілавікоў, ад якіх падчас беспадстаўна жорсткіх разгонаў пратэставых акцый у мінулым годзе пацярпелі тысячы беларусаў.

Каго караюць пасьля выбараў, а каго не

Ніводнай крымінальнай справы па фактах сьмерці ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году, пабояў і катаваньняў Сьледчы камітэт і пракуратура дагэтуль не завялі.

9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся выбары прэзыдэнта. Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў статыстыку перасьледу і рэпрэсій супраць беларусаў з пачатку выбарчай кампаніі.

Паводле апошніх дадзеных СК, у Беларусі заведзена звыш 4690 крымінальных спраў па фактах «праяваў, спалучаных зь незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэставымі акцыямі, замахам на дзяржаўны сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку, наўмысным зьнішчэньнем і пашкоджаньнем маёмасьці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненьні да службовых асобаў і іх сем’яў». Іх фігурантамі сталі ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, актывісты, удзельнікі мірных акцый пратэсту і людзі, нязгодныя з палітыкай уладаў.

У пракуратуру і Сьледчы камітэт паступілі 4644 заявы аб ужываньні сілавікамі катаваньняў, але ніводнай крымінальнай справы па фактах катаваньняў дасюль не завялі. Больш як па 1050 заявах прынятыя рашэньні адмовіць у завядзеньні крымінальных спраў.

Няма крымінальных спраў і па фактах гібелі людзей падчас разгону пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG