Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Новая Зэляндыя плянуе выхаваць пакаленьні, якія ня кураць. І як Беларусь


Адпаведны законапраект плянуюць унесьці ў парлямэнт у 2022 годзе. Калі яго зацьвердзяць, дзеці, якім будзе 14 гадоў на момант уступленьня ў сілу закону, ніколі ня змогуць легальна купіць тытунь.

«Мы хочам забясьпечыць, каб маладыя людзі ніколі не пачалі курыць. Людзі, якім споўніцца 14 гадоў, калі закон уступіць у сілу, ніколі ня змогуць набыць тытунь легальна. Продаж тытунёвых вырабаў гэтым людзям будзе незаконны», — заявіла міністар аховы здароўя Айша Вэрал, паведамляе The Guardian.

Гэта азначае, што праз 65 гадоў пасьля ўвядзеньня закону ў дзеяньне купіць цыгарэты зможа толькі той, хто дакажа, што яму ня менш за восемдзесят, тлумачыць агенцтва AP.

Урад хоча цалкам выкараніць курэньне ў краіне на працягу чатырох гадоў. Законапраект спачатку павінен ухваліць парлямэнт, але там большасьць маюць лейбарысты, якія прасоўваюць жыцьцё без курэньня ў палітычны парадак дня, таму чакаецца, што закон прымуць гладка.

Як дасягнуць мэты

Каб дасягнуць амбітнай мэты, урад увядзе дадатковыя меры, такія як заканадаўчае зьніжэньне колькасьці нікатыну ў тытунёвых вырабах да вельмі нізкага ўзроўню, абмежаваньне колькасьці крам, дзе можна прадаваць цыгарэты, і павелічэньне фінансаваньня на лячэньне нікатынавай залежнасьці.

З цяперашніх 8000 крам, якія маюць ліцэнзіі на продаж тытуню, пасьля прыняцьця закону павінна застацца менш за 500. Паводле Айшы Вэрал, уладальнікі крам павінны перайсьці на іншую бізнэс-мадэль, і ўрад ня будзе кампэнсаваць ім страты.

Некаторыя палітычныя партыі выступілі супраць гэтага пляну, сьцьвярджаючы, што закон найбольш ударыць па бедных, якім давядзецца купляць больш цыгарэт з прычыны меншага ўзроўню нікатыну. Вэрал, наадварот, спасылаецца на досьледы, якія паказваюць, што ніжэйшы ўзровень нікатыну ў цыгарэтах дапамагае людзям кінуць курыць.

Ва ўрадзе прызнаюць, што існуе рызыка чорнага тытунёвага рынку. «Дадзеныя сьведчаць пра тое, што колькасьць тытунёвых вырабаў, якія кантрабандай увозяць у Новую Зэляндыю, значна павялічылася за апошнія гады і што арганізаваныя злачынныя групы актыўна ўдзельнічаюць у кантрабандзе», — сказала міністар.

У рамках барацьбы з курэньнем урад у апошнія гады павялічыў падаткі на цыгарэты. «Мы ня лічым, што далейшае павышэньне падаткаў будзе мець сэнс», — сказала Айша Вэрал. На яе думку, ад гэтага толькі больш пацярпіць малазабясьпечанае насельніцтва.

Колькі курцоў у Новай Зэляндыі

Цяпер каля 11% дарослага насельніцтва Новай Зэляндыі курыць. Дзесяць гадоў таму было каля 18%. Урад хоча, каб доля курцоў у насельніцтве апусьцілася ніжэй за пяць працэнтаў.

Адным з ключавых стымулаў для прыняцьця новага заканадаўства стала высокая доля курцоў у народзе маоры, дзе яна дасягае 22%. «Калі нічога ня зьменіцца, спатрэбяцца дзесяцігодзьдзі, каб курэньне сярод маоры апусьцілася ніжэй за пяць працэнтаў», — сказала міністар аховы здароўя.

Паводле прэзыдэнта мэдычнай асацыяцыі Новай Зэляндыі Элістэра Хамфры, прыняцьце гэтага закону будзе «вызначальным момантам» для здароўя дыхальных шляхоў.

Колькі курцоў у Беларусі

  • Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, у Беларусі 54,4% мужчын кураць. Ва ўзросьце 30–39 гадоў колькасьць курцоў складае 64,8% у мужчын і 14,9% — у жанчын. Ва ўзросьце 14–17 гадоў курцы складаюць 34,2%. 73% заўзятых курцоў упершыню паспрабавалі курыць да 17 гадоў, г.зн. яшчэ ў школе.
  • Ад хвароб, зьвязаных з курэньнем, у Беларусі штогод памірае каля 15,5 тысячы чалавек.
  • Ад 2019 году ў Беларусі забаронена курыць у кавярнях, рэстарацыях, гатэлях, цягніках. Паводле ацэнак САЗ, на працягу 40 гадоў гэта ўратуе больш як 116 тысяч жыцьцяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG