Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні, мігранты, вайсковыя базы: 2022 год у прагнозах экспэртаў


Навагодняя кампазыцыя у адным зь менскіх гандлёвых цэнтраў

Свабода, як і ў папярэднія гады, зьвярнулася да шэрагу экспэртаў з прапановай спрагназаваць, чаго чакаць беларусам у годзе, які толькі пачаўся.

У канцы году мы вернемся да гэтай анкеты і паглядзім, чые прагнозы аказаліся найбольш трапнымі.

Сёньня публікуем другую частку экспэртных прагнозаў на 2022 год.

Вадзім Мажэйка, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), палітычны кансультант, доктар культуралёгіі

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2022 году?

Лепшым, чым мы чакаем. На шчасьце ці на гора, але беларуская эканоміка не абрынулася ані ў 2020-м, ані ў 2021-і. І пачатак увасабленьня амэрыканскіх санкцыяў Літвой не дэманструе вялікай моцы.

2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2022 году?

Чалавек, які ў пункце біфуркацыі не адважыцца ні на што большае, чым адзіны здымак у інстаграме жонкі, і той потым выдаліць.

3. Якімі будуць афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі: яўка, галасы «за», галасы «супраць», колькасьць несапраўдных бюлетэняў?

Досьвед беларускіх выбараў-2020 навучыў Крэмль, і на апошніх выбарах у Дзярждуму партыі ўлады намалявалі сьціплыя 49%. На жаль, Лукашэнка навучыўся толькі таму, што нахабнасьць і брутальнасьць працуюць. Таму варыянт «за» рашуча пераможа, каля 80%, а колькасьць несапраўдных бюлетэняў будзе не вышэйшая за афіцыйны вынік Ціханоўскай 9 жніўня 2020 году.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2022 годзе масавыя пратэсты?

У адрозьненьні ад Нямеччыны ці Францыі, дзе пратэставаць — норма палітычнай культуры, для Беларусі выхад на вулічныя пратэсты — справа надзвычайная, эмацыйная.

У 2020 годзе рацыянальная крытэры — высокая імавернасьць дамагчыся зьменаў і адносна нізкая імавернасьць асабіста трапіць пад моцныя рэпрэсіі — спрацоўвалі восеньню, калі пратэсты колькасна зьмяншаліся.

А першы тыдзень пасьля выбараў, уключаючы 16 жніўня, калі вулічныя выступы былі самыя масавыя ў гісторыя Беларусі — гэта па ўсіх прыкметах найгрошы час для вулічных выступаў. Так што, калі пачнецца новая хвалі вулічных пратэстаў, дакладна не прадказальна. І ў нечым гэта добра, бо гэтага ня ведае і ўлада.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2022 году?

Фармальна — каля 1500, калі меркаваць па сёньняшнім трэндзе. Але, як сьпявала маладая дзяўчына, «ты пойми, что за железной этой дверью \ Всё та же зона, лишь другой режим».

6. Ці скончыцца ў 2022 годзе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу?

Так, бо зь яго выціснулі фактычна ўсё, што можна. Аднак беларуская мяжа наўрад ці будзе спакойнай. Досьвед кантрабанды цыгарэт і ўбудаваньня ў міжнародныя крымінальная ланцужкі ў гандлі людзьмі можа быць скарыстаны для кантрабанды наркотыкаў, чым неаднаразова пагражаў Лукашэнка.

7. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2022 году?

Перафразуючы Дэн Сяо Піна, няма розьніцы, якая колькасьць котак, калі яны ўсё роўна ня ловяць мышэй.

8. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

Уваходныя званкі ад высокіх замежных абанэнтаў можна арганізаваць па тарыфе «Штучны рэгіянальны крызіс», аднак абанэнцкая плата досыць высокая, а задавальненьне ад размовы сумнеўнае.

9. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў?

Наўрад ці. Яны і так мала цікавілі пакупнікоў, а пад рызыкай новых санкцыяў тым болей. Да таго ж тыя грошы, якія цяпер рэальна атрымаць за МАЗ ці яго аналяг, ня надта дапамогуць Беларусі з вонкавым доўгам.

10. Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?

Фармальна не, каб не дражніць NATO і беларусаў. Аднак будзе пашырацца расейская вайсковая прысутнасьць бяз гучных заяваў.

11. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?

Не. Тэмпы вакцынацыі нізкія і будуць такімі далей — тым болей, што бравурная статыстыка не матывуе людзей прышчапляцца. Да таго ж людзі не давяраюць дзяржаўным інстытутам і маюць на гэта падставы.

Павал Мацукевіч, старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат

Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2022 году?

5 рублёў за даляр.

2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2022 году?

Калі не Галоўчанка, то Снапкоў ці Круты.

3. Якімі будуць афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму па новай Канстытуцыі: яўка, галасы «за», галасы «супраць», колькасьць несапраўдных бюлетэняў?

Яўка — 80%. За — 75%. Супраць — 23%. Несапраўдных — 2%.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2022 годзе масавыя пратэсты?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2022 году?

Менш, чым у 2021-м.

6. Ці скончыцца ў 2022 годзе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу?

Так.

7. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2022 году?

Адзін.

8. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

Так.

9. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў?

Так.

10. Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?

Так.

11. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?

Не.

Павал Сьлюнькін, экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат

Павал Сьлюнькін
Павал Сьлюнькін

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2022 году?

2,9.

2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2022 году?

Галоўчанка.

3. Якімі будуць афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму па новай Канстытуцыі: яўка, галасы «за», галасы «супраць», колькасьць несапраўдных бюлетэняў?

Яўка — вышэйшая за 80%. 79% — за, 17% — супраць, колькасьць несапраўдных бюлетэняў ці ня будзе падлічвацца/называцца ці складзе 1-3%.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2022 годзе масавыя пратэсты?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2022 году?

1250-1500.

6. Ці скончыцца ў 2022 годзе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу?

Так.

7. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2022 году?

1-2.

8. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

Так.

9. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў?

Масавага распродажу ня будзе, магчымыя 1-2 ня самыя буйныя ўгоды.

10. Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?

Не, але магчымае часовае зьяўленьне расейскай тэхнікі і пэрсаналу на мяжы з Украінай.

11. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?

У ЭЗ колькасьць памерлых і цяжка хворых будзе мінімальнай, у Беларусі гэтыя паказьнікі таксама будуць зьніжацца, але застануцца вышэйшыя, чым у ЭЗ (рэальна, а не паводле афіцыйнай статыстыкі).

Ігар Тышкевіч, палітоляг, экспэрт Украінскага інстытуту будучыні

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2022 году?

Пры ўмове захаваньня цяперашняга ўзроўню Commodity Index (кошт на сыравінныя тавары) беларускі рубель абясцэніцца не болей чым на 7-8% да паказчыкаў сьнежня 2021. Нават з улікам эфэкту ад санкцыяў. Адна з прычынаў моцнага курсу — «даляравая інфляцыя» — абясцэньваньне ключавых валютаў у выніку праграмаў фінансавых уліваньняў у эканомікі ЗША і ЭЗ у 2020–2021 гадах.

Пры абвале сярэднеўзважанага Commodity Index на 5 і болей адсоткаў беларускі рубель рызыкуе абясцэніцца на 10-12%. Пры ўмове абвалу цэнаў і рэгіянальнага (ці глябальнага) фінансавага крызісу (імавернасьць малая, але ёсьць) можна чакаць падзеньня курсу на 35 і болей адсоткаў.

2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2022 году?

Пытаньне на гэты момант абсалютна ня важнае. Да выбараў 2023 году можа дасядзець і Галоўчанка.

3. Якімі будуць афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму па новай Канстытуцыі: яўка, галасы «за», галасы «супраць», колькасьць несапраўдных бюлетэняў?

Лукашэнку важная «падтрымка». Таму пастараюцца ўтрымаць мэтавыя паказчыкі (не рэальныя, але агучаныя): яўка ня меней за 55-60%, «за» не меней за 70%.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2022 годзе масавыя пратэсты?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2022 году?

Лічба трохзначная. Выпускаць будуць, але таргавацца будуць за кожнага. Дакладная лічба (прагноз) патрабуе ўдакладненьня пытаньня: «прызнаныя» палітычныя вязьні ці тыя, хто трапіў за краты пасьля жніўня 2020-га?

6. Ці скончыцца ў 2022 годзе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу?

Гэтая хваля — так. Але доўгатрывалая сыстэма недапушчэньня падобнага будзе створаная толькі ў 2023-2024 гадах.

7. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2022 году?

1-2.

8. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

Так.

9. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў?

Пакуль не. Будуць спробы фармаваць «міжнародныя холдынгі» – аб'яднаньне акцыяў ці абʼяднаньне збыту. Без продажу, шляхам абмену пакетамі акцый (працэс зьліцьця).

10.Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?

Не.

11. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?

Сама эпідэмія можа і скончыцца. Меры абмежаваньня руху па мэдычных паказчыках (наяўнасьць прышчэпак, тэсты і г.д.) — не.

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік Радыё Свабода

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2022 году?

2.9.

2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2022 году?

Галоўчанка.

3. Якімі будуць афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму па новай Канстытуцыі: яўка, галасы «за», галасы «супраць», колькасьць несапраўдных бюлетэняў?

75% — яўка, 80% — за, 12% — супраць, 8% — несапраўдных.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2022 годзе масавыя пратэсты?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2022 году?

600. Хтосьці зь цяперашніх выйдзе, адседзеўшы свой тэрмін, кагосьці вызваляць.

6. Ці скончыцца ў 2022 годзе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу?

Фактычна так, ён будзе паступова заціхаць цягам 2022 году. Ва ўсялякім разе, я ня бачу, што адбудуцца актыўныя фазы мігранцкага крызісу, параўнальныя ў маштабах з 2021-м.

7. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2022 году?

1-2.

8. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

Хтосьці патэлефануе, зь нейкай канкрэтнай нагоды.

9. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў?

У стратэгічным сэнсе не. Нейкія дробныя продажы могуць быць, але не знакавых флягманаў.

10. Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?

Дэ-факта зьявяцца, але яны ня будуць так называцца.

11. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?

Пра каранавірус можна казаць толькі ў адносінах да сусьветных рэаліяў. Калі ковід ня скончыцца ў сьвеце, то ён ня скончыцца і ў Беларусі.

Тацяна Чуліцкая, паліталягіня, акадэмічная дырэктарка Школы маладых мэнэджараў публічнага адміністраваньня

Тацяна Чуліцкая
Тацяна Чуліцкая

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2022 году?

3,54.

2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2022 году?

Віктар Хрэнін.

3. Якімі будуць афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі: яўка, галасы «за», галасы «супраць», колькасьць несапраўдных бюлетэняў?

Яўка — 70%, «за» — 70%, «супраць» — 20%, несапраўдныя бюлетэні — 10%.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2022 годзе масавыя пратэсты?

Не. Толькі калі адначасова здарацца і супадуць некалькі балючых і важных для беларускага грамадзтва падзей. Напрыклад, значнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, пагаршэньне адносінаў Пуціна і Лукашэнкі і які-небудзь «чорны лебедзь».

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2022 году?

Мінімум 3 тысячы.

6. Ці скончыцца ў 2022 годзе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу?

Ён не скончыцца зусім, але значна зьменшыцца ў памерах, аднак «беларускі шлях» будзе прапаноўвацца ўцекачам і некаторыя зь іх будуць працягваць прыяжджаць у Беларусь.

7. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2022 году?

3.

8. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

Толькі калі здарыцца нейкі крызіс накшталт міграцыйнага. Калі крызісу ня будзе, палітыкі з дэмакратычных краінаў ня будуць зь ім камунікаваць.

9. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў?

Не.

10. Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?

Не.

11. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?

Хутчэй не, але гэта залежыць ад таго, як будзе разьвівацца эпідэмія ва ўсім сьвеце. Калі глябальна адбудзецца паляпшэньне сытуацыі, то і ў Беларусі таксама.

Кацярына Шмаціна, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў

Кацярына Шмаціна
Кацярына Шмаціна

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2022 году?

2,8 руб.

2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2022 году?

Чарговы намэнклятурнік.

3. Якімі будуць афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі: яўка, галасы «за», галасы «супраць», колькасьць несапраўдных бюлетэняў?

90% яўка, 70% «за».

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2022 годзе масавыя пратэсты?

Не. Ціск рэпрэсій і кантроль над усімі сфэрамі грамадзкага жыцьця робяць гэта малаверагодным.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2022 году?

1400.

6. Ці скончыцца ў 2022 годзе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу?

Для афіцыйнага Менску няма сэнсу сканчаць міграцыйны крызіс — гэта адзін зь нешматлікіх інструмэнтаў ціску на Эўразьвяз. Пытаньне зь міграцыяй можа знаходзіцца ў неактыўнай фазе, але пакідаць магчымасьць эскаляцыі.

7. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2022 году?

Два. Але санкцыі могуць уводзіцца сымбалічныя, пэрсанальныя, паколькі прагрэс у Беларусі ня бачны і Беларусь можа зьнікнуць зь міжнароднага парадку дня.

8. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

Замежныя палітыкі будуць пазьбягаць афіцыйных кантактаў з Лукашэнкам, маючы на ўвазе ў тым ліку і нэгатыўнае ўспрыняцьцё званка Мэркель. Але гэта не выключае непублічных кантактаў з атачэньнем Лукашэні і таксама лабіяваньня з боку афіцыйнага Менску наконт схемаў абыходу санкцыяў.

9. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў?

А хіба засталося што прадаваць?

10. Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?

У нас ужо ёсьць расейскі «кот Шродынгера», то бок «вучэбны цэнтар» у Горадні.

11. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?

Беларускія ўлады і не такое могуць — і дэмакратычныя выбары «праводзіць», і з пандэміяй «спраўляцца».

Арцём Шрайбман, палітычны аналітык

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2022 году?

2,8.

2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2022 году?

Галоўчанка.

3. Якімі будуць афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі: яўка, галасы «за», галасы «супраць», колькасьць несапраўдных бюлетэняў?

Яўка — 82%, галасоў за 76%, супраць — 17%, 7% несапраўдных бюлетэняў.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2022 годзе масавыя пратэсты?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2022 году?

650.

6. Ці скончыцца ў 2022 годзе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу?

Так.

7. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2022 году?

Яшчэ два, шосты і сёмы.

8. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

Магчыма, толькі прэм’ер Вугоршчыны.

9. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцыяў буйных беларускіх прадпрыемстваў?

Не.

10. Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?

Де-юрэ не.

11. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?

Не.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG