Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шрайбман пра Казахстан, АДКБ, Канстытуцыю і вайну


Ці падобная апэрацыя АДКБ у Казахстане да савецкіх уварваньняў у Вугоршчыну і Чэхаславаччыну? Ці стаў досьвед казахстанскіх пратэстаў вырашальным аргумэнтам у беларускай спрэчцы пра мірныя і нямірныя шляхі пратэсту? Лёс Назарбаева — ці нагода гэта для Лукашэнкі забыць пра транзыт улады назаўжды? Ці перарастуць зімовыя беларуска-расейскія вучэньні ў вайну з Украінай?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

— Бурлівае разьвіцьцё казахстанскага крызісу штодзень разбурае гістарычныя аналёгіі. Напачатку, калі пратэсты мелі мірны характар, казалі — О, як у Беларусі ў 2020 годзе. Калі праз пару дзён яны набылі больш рашучы, сілавы характар, здавалася, што гэта больш падобна да Румыніі 1989 году. Потым Такаеў запрасіў войскі АДКБ, тыя імгненна зьявіліся на запрашэньне, адразу ўзьніклі аналёгіі — савецкія карныя ўварваньні ў Вугоршчыну ў 1956 годзе і ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Але ў Казахстан кантынгент быў уведзены адносна малалікі, да таго ж сёньня Такаеў абвясьціў, што праз два дні пачнецца іх вывад з краіны, які завершыцца праз 10 дзён. Да чаго гэта падобна? І што гэта азначае?

  • Тут любыя аналёгіі кульгаюць, бо тут ня чысты выпадак паўстаньня, мяцяжу ці рэвалюцыі. Гэта гібрыд, мікст народнага паўстаньня і міжкланавай элітнай барацьбы. Клан Такаева вельмі своечасова скарыстаўся сытуацыяй для кансалідацыі сваіх пазыцыяў і для чысткі ўлады ад яго апанэнтаў.
  • Хто перавёў мірны пратэст у сілавы, мы ня ведаем. Але гэта ня чорна-белы сюжэт пра барацьбу добрага антыаўтарытарнага парыву з маналітнай злобнай дыктатурай. Тут з усіх бакоў ёсьць нюансы.
Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман
  • Параўнаньні з «праскай вясной» былі недарэчныя.
  • У Казахстане сілай, якая і разганяла пратэсты, і чысьціла эліты, выступаў і выступае прэзыдэнт Такаеў. Ён выйграў у праціўнікаў з абодвух франтоў.
  • Такаеву важна кансалідаваць сваю пазыцыю хутка. Пасьля ягонай заявы пра вывад войскаў з боку Пуціна будзе вельмі варожым крокам, калі ён скажа: не, мы застаёмся. Таму я думаю, што войскі сапраўды хутка сыдуць.
  • Такаеву замежныя сілавікі былі патрэбныя не для таго, каб разганяць марадэраў, а каб кансалідаваць свае пазыцыі ў эліце. Гэта хутчэй палітычны жэст, гэтыя войскі ня ўдзельнічалі ў разгонах.
  • Гэта крыху падобна да таго, што было ў жніўні 2020 году на мяжы Беларусі, калі Пуцін стварыў сілавую рэзэрву. У Такаева становішча было больш хісткае, чым у Лукашэнкі ў жніўні 2020 году.

— Уладзімір Пуцін у жніўні 2020 году, калі ствараў сілавую рэзэрву для Беларусі, патлумачыў, што яна будзе ўведзеная ў дзеяньне ў Беларусі, калі там будуць «падпалы і пагромы». У Казахстане яны былі. А калі б і ў Беларусі пратэсты былі падобныя да казахстанскіх, расейскія войскі тады прыйшлі б у Беларусь?

  • Так, гэта было б цалкам рэальна. Стаўленьне Пуціна да Беларусі яшчэ больш трапяткое, чым да Казахстану. Уключаецца геапалітычны фактар, перасьцярога, што Беларусь можа стаць больш празаходняй.
  • Калі б Лукашэнка пры забурэньнях захоўваў кантроль, але ня ўцёк, ня быў бы адхілены нейкай часткай уладнай эліты, тады Пуцін умяшаўся б. Але калі б Лукашэнка быў хутка адхілены ад улады, напрыклад, уладнымі элітамі, то Пуцін не займаўся б зрынаньнем новай улады, каб аднавіць Лукашэнку.
  • Ня факт, што Такаеў цалкам прайграў перад уваходам войскаў. Войскі ўвайшлі, каб гэта прадухіліць. Але гэта не было аднаўленьнем на пасадзе ўжо зрынутага прэзыдэнта.

— Ці стаў досьвед Казахстану вырашальным аргумэнтам у беларускай спрэчцы пра мірны і нямірны шлях пратэсту — які лепшы? Беларускі мірны не перамог. А казахстанскі хіба перамог?

  • Казахстанскі пратэст нечага дамогся: цэны былі «адкручаныя», Назарбаеў, гледзячы па ўсім, страціў уладу. Іншая справа, ці тое гэта, дзеля чаго людзі пратэставалі.
  • Цяпер Такаеў робіцца новым ханам, залежнасьць ад Расеі павялічваецца, у краіне — замежныя інтэрвэнты і сотні загінулых.
  • Цяжка параўнаць страты і здабыткі беларускага і казахстанскага пратэстаў. Спрэчка пра мірныя і нямірныя шляхі пратэсту адарваная ад рэчаіснасьці. Усе выпадкі ўнікальныя. Як у анэкдоце — «Мышы, станьце вожыкамі». Беларускі народ, нават яго пратэставая частка, ня быў гатовы на гвалтоўны супраціў. Што было б, калі б... Гэтыя развагі проста не пра той народ.
  • У цэлым чым больш кансалідаваны і брутальны аўтарытарны рэжым, тым меншая імавернасьць, што яго атрымаецца зрынуць адно мірным маральным ціскам. Гэты сцэнар працуе, калі ад гэтага маральнага ціску пачынае расколвацца кіроўная эліта. Гэтыя сцэнары лепш працуюць у гібрыдных рэжымах, чым у такіх, як наш ці казахстанскі. Вынікам, у іх вельмі вузкае вакно магчымасьцяў посьпеху пратэсту.
  • Калі пратэст не перамагае, прычым хутка, можа ўмяшацца Расея і ўтапіць пратэст у крыві.
  • Ня думаю, што нейкі case — беларускі ці казахстанскі — дае канчатковы рэцэпт, які шлях лепшы. Устойлівую дэмакратыю прасьцей будаваць пасьля мірнай зьмены ўлады, чым пасьля разьні. У апошнім выпадку складана будаваць спакойную, інклюзіўную дэмакратыю.

— Калі казахстанскі аргумэнт, прыклад не зьяўляецца вырашальным у спрэчцы пра шляхі пратэсту, дык, можа, ён жа не зьяўляецца вырашальным і ў роздумах аўтарытарыяў наконт транзыту? Мы будзем рабіць як у Казахстане, але атрымаем іншы вынік — магчыма, разважаюць рэвалюцыянэры ў іншых краінах. Я буду рабіць, як у Казахстане, але атрымаю іншы вынік — магчыма, разважае, скажам, Лукашэнка. Ці для яго лёс Назарбаева — падстава забыць пра транзыт улады назаўсёды?

  • Казахстанская гісторыя паўплывае на жаданьне Лукашэнкі экспэрымэнтаваць з такім сцэнарам. Былі ростані, ад якіх ён мог пайсьці па казахстанскім шляху, маючы Казахстан як прыклад удалага для рэжыму транзыту ўлады. Цяпер гэты сцэнар рассыпаўся, у тым ліку і ў пытаньні гарантыяў былому прэзыдэнту. Высьвятляецца, што яны нічога ня вартыя. Я пра гэта даўно казаў — што такое дваяўладзьдзе разьбіваецца аб любы крызіс.
  • Другі сцэнар для Лукашэнкі — гэта вечная пракрастынацыя. Падзеі ў Казахстане ў студзені 2022 году зрабілі гэты другі сцэнар больш імаверным у Беларусі. Гэта будзе ўрокам ня толькі для Лукашэнкі, але і для Пуціна. Але калі паніжаецца імавернасьць кантраляванага транзыту, то павялічваецца імавернасьць некантраляванага. Я слаба веру ў дакладнае паўтарэньне жніўня 2020 году. Але гэта будзе нейкі новы зрыў. Ня выключаны і сталінскі сцэнар, калі Лукашэнка пераможа ў гэтай гонцы з часам і даседзіць на сваёй пасадзе да сваёй натуральнай сьмерці.

— Што гаворыць беларускі афіцыёз пра праект Канстытуцыі, як тлумачыць неабходнасьць яго прыняцьця? Напярэдадні рэфэрэндумаў 1996 і 2004 гадоў пасланьне было зразумелае: «бацьку» трэба даць неабмежаваныя паўнамоцтвы, ён павінен кіраваць краінай да скону, і будзе беларусам шчасьце. Цяпер якое пасланьне? Шлюб як саюз мужчыны і жанчыны? Усебеларускі сход — найвышэйшая форма дэмакратыі? І гэта павінна некага натхняць?

  • Беларускім прапагандыстам даводзіцца танцаваць вакол простага пытаньня, навошта сыстэме гэтая канстытуцыйная рэформа. Навошта яе праводзіць, калі вы пераможцы з 80%, а вораг разгромлены? Навошта патрэбныя «перамены», калі «перамены» прайгралі ў 2020 годзе? У іх і ў Лукашэнкі няма адказу.
  • Пуціну гэта трэба значна менш, чым было ў 2020 годзе. Той сцэнар, які прапануе Лукашэнка, — гэта ня тое, чаго ў яго прасіла Расея. Для Расеі цяпер мае значэньне толькі адно адносна Беларусі — каб яна заставалася стабільнай. А якім чынам Лукашэнка гэта забясьпечыць, для Масквы гэта ўжо другасна.
  • Для рэжыму сэнс новай Канстытуцыі — у стварэньні канструкцыі, якая ня будзе настолькі залежная ад асаблівасьцяў і характару другога прэзыдэнта. Прадстаўнікі рэжыму кажуць наўпрост: нам пашанцавала з Лукашэнкам, але можа не пашанцаваць другі раз.
  • Сцэнар транзыту яшчэ ня выключаны на 100%. Вадзім Гігін, вядучы ідэоляг улады, кажа пасьля казахстанскіх падзеяў, што ня трэба сьпяшацца з транзытам. На гэтым можна збудаваць кампанію: мы падкладаем саломку, а калі мы ёю вырашым скарыстацца, гэта нашаму галоўнаму мудрацу відней.

— Учора ў Жэнэве адбыліся амэрыканска-расейскія перамовы. Тэмамі быў расейскі ўльтыматум наконт гарантыяў непашырэньня NATO і пагроза расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Гледзячы па ўсім, гэтыя перамовы ці, прынамсі, гэты іх раўнд скончыліся безвынікова. Расейскі прадстаўнік Сяргей Рабкоў па выніках перамоваў заявіў: «Калі ЗША ня ў стане гэтага зрабіць, значыць, яны сутыкнуцца з пагаршэньнем сытуацыі ў сфэры іх уласнай бясьпекі». Ці азначае гэты эўфэмізм расейскага дыплямата вайну? І калі так, то якую, якога маштабу і зь якімі мэтамі?

  • Мы знаходзімся ў адным з самых вострых пунктаў глябальнага супрацьстаяньня Расеі і Захаду. Некаторыя параўноўваюць нават з Карыбскім крызісам, хоць мне здаецца, што часы ўсё ж ня тыя. Гэта значыць, што вайна магчымая, і не таму, што нехта яе хоча, а таму, што сытуацыя можа выйсьці з-пад кантролю.
  • Расейскія пагрозы зараз — гэта не абвяшчэньне пра пляны дзеяньняў, гэта менавіта пагрозы. Расея падвышае стаўкі, каб у ЗША і NATO як мага гучней гучалі галасы тых, хто выступае за нейкае ўлагоджваньне Расеі. Трэба паказаць сябе настолькі шалёным у рыторыцы, каб іншы бок ня толькі гэтай рыторыцы паверыў, але і пераканаўся, што Расеі няма куды адступаць зь яе пазыцыяў.
  • Пакуль гэта торг. ЗША гатовыя гаварыць пра скарачэньне вучэньняў, пра мараторый на разьмяшчэньне ўдарных узбраеньняў у Эўропе. Але пытаньні NATO, супрацоўніцтва з Украінай — гэта ня вашая справа, кажа Вашынгтон. Пайсьці на такія саступкі Маскве было б занадта прыніжальна. Гэта значыць пагадзіцца з расейскім бачаньнем, што ў яе суседзяў на можа быць поўнага сувэрэнітэту. Прыняць такое рашэньне пад ціскам расейскіх войскаў для ЗША і любой эўрапейскай краіны прыніжальна.
  • Сцэнарам, хутчэй за ўсё, будзе размываньне расейскіх патрабаваньняў. Калі Расею гэтая сініца ў руках задаволіць, яна можа пайсьці на дээскаляцыю. Але пакуль так не выглядае. І падобна, што ў адказ на адмову Расея будзе далей абвастраць сытуацыю.
  • Гэта можа быць разьмяшчэньне новых сыстэмаў узбраеньняў у новых месцах, скажам, у Калінінградзкай вобласьці, Крыме ці ў Беларусі. Ці пад бокам у ЗША — паўтарэньне кубінскага крызісу. Можна пашукаць франты, дзе можна насаліць ЗША. Украінскія экспэрты казалі пра магчымасьць абвяшчэньня неба Ўкраіны беспалётнай зонай. Расея можа таксама выкарыстаць сэпаратыстаў на Данбасе.

— Ці магчымы сцэнар хуткацечнай атакі на Ўкраіну пры дапамозе авіяцыі і ВКС, каб зьнішчыць украінскія прымежныя абарончыя збудаваньні і сыстэму СПА? Нанесьці ўдар і адразу ж сысьці. Гэта такі працяг дыялёгу з ЗША, дэманстрацыя ў межах дыялёгу, што Расея настроеная сур’ёзна.

  • Гэта магчыма, гэта адзін са сцэнараў, які для Масквы лепшы за паўнацэннае наземнае ўварваньне. Такі кропкавы ўдар паводле сырыйскай мадэлі. Там дзейнічала расейская авіяцыя, вайскова-марскія сілы, нават з абстрэлам Сырыі з Касьпійскага мора. Або паводле мадэлі вайны Трампа ў той жа Сырыі — удары здалёк і дэманстрацыя рашучасьці.

— У студзені-лютым у Беларусі пройдуць беларуска-расейскія вучэньні. Ці могуць яны плаўна перарасьці ва ўварваньне ва Ўкраіну?

  • Я пакуль ня бачу ні палітычнай, ні ваеннай патрэбы для Расеі выкарыстоўваць Беларусь у якасьці пляцдарму для ўварваньня ва Ўкраіну. У вучэньнях звычайна не бярэ ўдзелу такая колькасьць расейскіх войскаў, каб уварвацца ва Ўкраіну. Я мяркую, што Лукашэнка ня будзе ўрывацца ва Ўкраіну сваімі войскамі. Некалькі соцень і нават тысячаў расейцаў пойдуць праз палескія балоты захопліваць Чарнігаў? Гэта ня той сцэнар, які мае сэнс.
  • Значна большы сэнс мае бразганьне зброяй, новымі сыстэмамі ўзбраеньня, ці, у крайнім выпадку, кропкавыя ўдары, не зьвязаныя са стратамі сярод расейскіх салдатаў.
  • Украіна і так з трох бакоў заціснутая: на поўдні — Крым, на ўсходзе — Данбас, на паўночным усходзе — Бранская вобласьць. Мне не здаецца, што ёсьць сэнс адкрываць яшчэ і паўночны фронт.
  • Роля Беларусі тут дэманстратыўная. Дэманстрацыя, што пагроза можа паходзіць і адтуль. І дэманстрацыя таго, што Беларусь — гэта працяг Заходняй вайсковай акругі РФ. Гэта як паставіць расейскі сьцяжок у Арктыцы. Цяпер гэтую функцыю выконваюць вучэньні.
  • Лукашэнка цяпер канфлікты паміж Захадам і Расеяй выкарыстоўвае ня так, як раней. Раней ён выкарыстоўваў іх, каб балянсаваць паміж імі. Цяпер — каб прадэманстраваць Расеі сваю ляяльнасьць. Ён можа прадаваць вайсковую сымбалічную ляяльнасьць замест таго, каб прадаваць, скажам, «Беларуськалій».

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG