Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры жаночыя ідэі для новых падручнікаў па гісторыі


Вокладка падручніка па гісторыі, які выкарыстоўвалі ў школах БССР

Падручнікі па гісторыі Беларусі маюць канцэптуальна перапісваць, і Лукашэнка прапанаваў назваць там «пэрыяд Рэчы Паспалітай акупацыяй беларускай зямлі». Аналягічных прапановаў адносна Расейскай імпэрыі і СССР прадказальна не было.

У мяне таксама ёсьць некалькі ідэяў, пра што расказаць у новых падручніках. Каб жаночыя пытаньні не засталіся без увагі, як гэта часта бывае.

1932 год — у СССР зьявіўся «Сьпіс асабліва цяжкіх і шкодных прац, на якіх забараняецца прымяненьне працы жанчын»

Пэўныя абмежаваньні існавалі і раней, але ў гэтым годзе зьявіўся паўнавартасны сьпіс прац. Галоўны аргумэнт прыхільнікаў такіх забаронаў — гэта «дзяржава клапоціцца пра жанчын, якім яшчэ дзяцей нараджаць». Пры гэтым ігнаруецца той факт, што жанчыны ў рэальнасьці займаюцца шмат якімі цяжкімі працамі, якія, як правіла, аплачваюцца горш за «выключна мужчынскія».

У 1978 годзе гэты сьпіс быў пашыраны і складаўся з 431 пазыцыі. Цяпер у беларускім сьпісе 181 прафэсія. Жанчыны ня могуць кіраваць аўтамабілямі, якія важаць больш за 5 тон, і аўтобусамі, працаваць вадалазамі і пажарнымі, кіраваць цягнікамі мэтро і зьбіраць плады з дрэваў і кустоў, калі вышыня расьлін перавышае 1,3 мэтра. Пры гэтым санітаркамі ў лякарнях, хатнімі сядзелкамі і ў патранажнай службе працуюць пераважна жанчыны.

Сярэдзіна 1950-х гадоў — у школах СССР пачаўся экспэрымэнт па паасобным навучаньні хлопцаў і дзяўчат на ўроках працы

Гэты падзел захаваўся і да сёньня, хоць канкрэтныя навучальныя праграмы і зьмяняюцца. Хлопцаў традыцыйна вучаць сталярнаму майстэрству і працы з мэталам, а дзяўчаты займаюцца так званай абслуговай працай — вучацца гатаваць, шыць, вязаць і інш.

Так дзяржава з раньняга ўзросту дэманструе, што ёсьць «мужчынская» і «жаночая» праца, і замацоўвае гендэрныя ролі, абмяжоўваючы дзяцей у разьвіцьці.

2014 год — дактарам дазволілі адмаўляцца праводзіць перарываньне цяжарнасьці

Мэдыкі атрымалі магчымасьць напісаць адпаведную заяву на імя галоўнага ўрача мэдустановы і больш не праводзіць аборты на жаданьне жанчыны. Галоўным чынам гэтае рашэньне мела рэлігійную аргумэнтацыю і было найперш зьвязана зь верай у зьяўленьне душы ў момант зачацьця. Адпаведна, пры такім падыходзе аборт лічыцца забойствам.

У выніку ў краіне зьявіліся лякарні і нават цэлыя гарады, у якіх усе дактары адмаўляюцца перарываць цяжарнасьць на жаданьне жанчыны. Дзяржава ня лічыць гэта парушэньнем правоў пацыентак, а самі мэдыкі кажуць, што не адмаўляюць такім чынам у мэдычнай дапамозе.

Пры гэтым нельга адмовіцца рабіць аборты па мэдычных паказаньнях. Так што перарываньне здаровай цяжарнасьці — гэта забойства, а вельмі праблемнай — ужо не. Напэўна, душа ўсяляецца толькі ў тыя клеткі, зь якімі потым вырасьце здаровы эмбрыён і плод.

2018 год — Лукашэнка ня даў прыняць закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту

Адным публічным выступам Лукашэнка зьнішчыў амаль 20 гадоў працы экспэртак і актывістак, якія нават угаварылі МУС, што хатні гвалт — гэта сыстэмная праблема, зь якой трэба змагацца на ўзроўні закону. Пасьля таго як было сказана «Ўсё гэта дурасьць, узятая найперш з Захаду», і «мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыцьцёвага вопыту», уся праца над законапраектам спынілася.

Паводле розных зьвестак, з хатнім гвалтам сутыкаецца кожная чацьвёртая альбо нават кожная трэцяя жанчына ў Беларусі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG