Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Годных людзей і бяз помнікаў запомняць». Што кажа пра сытуацыю на радзіме моладзь з Казахстану


Казахстанскія студэнты. Архіўнае фота

Казахстанскія хлопцы і дзяўчаты расказалі Свабодзе пра тое, чаму пратэсты ня сталі для іх нечаканасьцю, пра сваё стаўленьне да культу асобы Назарбаева і ўводу міратворчых сіл АДКБ для нібыта «нармалізацыі абстаноўкі ў краіне».

«Жадаю жыць у краіне, дзе можна вольна выказваць свае думкі, а не асьцерагацца, што за гэта могуць забіць»

Разія з Алматы, навучаецца ў Польшчы (імя зьменена ў мэтах бясьпекі, зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС):

«Цяпер ужо ня так жахліва. Першыя дні былі страшныя, бо мы з бабуляй засталіся адны ў кватэры ў цэнтры Алматы, бацькі былі ў доме за горадам. З вуліцы раздаваўся гук стрэлаў і выбухаў, а калі адчыняла акно, чула пах гару і едкага газу.

Цяпер у горадзе ціха, людзі прыводзяць у парадак разгромленыя месцы, народу на вуліцах мала. Трывога і страх усё яшчэ прысутнічаюць.

Я падтрымліваю мірныя, арганізаваныя пратэсты бяз гвалту як з боку дзяржавы, так і з боку пратэстоўцаў. Паколькі пратэст быў першапачаткова менавіта мірны, маё асяродзьдзе і я ўзрадаваліся. Мітынгі праходзілі амаль у кожным горадзе, а такога ў нас даўно не было.

Народ заўжды асуджаў палітыку ўлады, і, думаю, усе мы чакалі, калі прыйдзе момант, які прымусіць людзей пачаць дзейнічаць.

Праблемы былі ва ўсім: у высокіх цэнах на прадукты, нізкіх заробках, карупцыі, аўтарытарным рэжыме ў краіне, адсутнасьці свабоды слова.

Культ асобы Назарбаева раздражняў народ. Аднак калі ў яго гонар паставілі помнік, назвалі ўнівэрсытэт і іншае, то ніхто нічога не рабіў. А вось калі справа дайшла ўжо да перайменаваньня сталіцы, жыхары арганізавалі мітынг, але, на жаль, улады яго „падавілі“ і зрабілі па-свойму.

Я лічу, што чалавека, які варты павагі, і бяз помніка запомняць.

Усе разумеюць, што Назарбаеў зрабіў шмат для Казахстана, для таго каб вывесьці дзяржаву на міжнародны рынак. Але ў той жа час ён і яго асяродзьдзе сталі прычынай нізкага ўзроўню жыцьця грамадзян.

Адным словам, з кожным годам абстаноўка рабілася ўсё горшая.

Добра памятаю, як народ хацеў сумленных выбараў у 2019 годзе, калі пасаду прэзыдэнта пакінуў Назарбаеў, і ў далейшым людзі выйшлі на мірны пратэст. Здаецца, тады зьявіліся імкненьні нешта зьмяніць. І, мне здаецца, з гэтага ўсё пачалося.

Што тычыцца цяперашняй сытуацыі, мне не спадабалася рашэньне аб уводзе міратворчых сіл, бо бачна, наколькі рэжым залежыць ад суседзяў. Выяўлена слабасьць і неарганізаванасьць у структуры бясьпекі, якая зьяўляецца адной з ключавых. Мне вельмі крыўдна і балюча, што ўсё прывяло да такой колькасьці ахвяр. Што ўпершыню за доўгі час уся краіна паднялася, а гэты рух так несправядліва і жорстка здушылі. Не ўяўляю, як цяжка цяпер людзям, якія страцілі сваіх блізкіх.

Нам заўсёды здавалася, што перамен, пра якія марым, мы не даб’емся. І да гэтага часу здаецца, што наўрад ці народ можа неяк паўплываць на сытуацыю ў краіне. Аднак з кожным разам людзі набіраюцца досьведу, становяцца больш згуртаванымі, і калі бачыш гэта, зьяўляецца надзея, што зьмены да лепшага будуць. Нам ёсьць куды імкнуцца і расьці, спрабаваць быць больш арганізаванымі, каб дасягнуць супольнай мэты. Спадзяюся, што ўсё, што адбылося, ня зломіць дух народу, і людзі не пабаяцца зноў выступіць дзеля будучыні Казахстану.

Я вельмі хацела б жыць у краіне, дзе можна свабодна выказваць свае думкі, не асьцерагаючыся, што за гэта могуць забіць, у краіне, дзе прыслухоўваюцца да народу, бо народ і ёсьць дзяржава».

«Нешта мяняць у краіне заўсёды было цяжка, часам немагчыма»

Мейрам з Караганды, таксама навучаецца ў Польшчы (імя зьменена ў мэтах бясьпекі, зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС):

«Падчас пратэстаў я знаходзіўся ў Карагандзе. Тут быў адзін невялікі мітынг, да якога выйшаў акім (кіраўнік гораду), але я так і не даведаўся, чым гэта скончылася.

Увогуле абстаноўка цяпер больш-менш спакойная.

Калі шчыра, то я чакаў такога сцэнару, бо сачу за сытуацыяй у краіне і бачу, як яна ўвесь час пагаршалася. Як той казаў, рыба гніе з галавы, і галоўная праблема ў тым, што ў нас не парлямэнтарная рэспубліка. Як вядома ўсім, там заўсёды былі стаўленікі, якія падабаюцца Назарбаеву. Таму нешта зьмяніць у краіне заўсёды было цяжка, часам немагчыма.

Усе мае знаёмыя і сябры ў Казахстане ня бачаць пэрспэктыў. Сам я зьехаў адтуль з асноўнай мэтай навучацца ў Польшчы, але з часам параўнаў узроўні жыцьця і прыйшоў да высновы, што прынамсі ў бліжэйшыя гады ня варта туды вяртацца.

Цяпер цяжка сказаць, што нас чакае, бо нібыта будуць перамены, мяркуючы па заявах прэзыдэнта наконт рэформаў. Раней такіх адкрытых выказваньняў аб праблемах краіны з боку ўлады не было, і гэта інтрыгуе. Але, можа, гэта толькі застанецца на словах».

«Не лічу ўвядзеньне міратворчых сіл добрым спосабам урэгуляваць цяперашнюю сытуацыю»

Айзара з Алматы, навучаецца ў Польшчы, падчас пратэстаў не знаходзілася ў Казахстане (імя зьменена ў мэтах бясьпекі, зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС.):

«У тым, што ў Казахстане пачаліся пратэсты, няма нічога дзіўнага. У гэтым поўная віна ўраду, які не хацеў праводзіць даўно неабходныя рэформы ў палітычнай і эканамічнай сфэрах краіны.

Незадаволенасьць людзей была заўсёды, але выяўлялася ў розных ступенях, залежала ад мноства фактараў: узроўню жыцьця, месца пражываньня, мовы, на якой размаўляеш, ці нацыянальнасьці, прадстаўніком якой зьяўляесься.

Казахстан — шматнацыянальная дзяржава. На жаль, у ёй пануюць карупцыя і падзел прывілеяў па нацыянальнай прыкмеце. Мая маці — полька, тата — карэец, сама я нарадзілася ў Казахстане. Маё асяродзьдзе вельмі нацыянальна разнастайнае, большую яго частку складаюць людзі, у якіх родная мова расейская, і праз гэта яны і мая сямʼя заўсёды адчувалі свайго роду дыскрымінацыю.

Разьвіцьцё краіны не дазваляла грамадзянам зарабляць і жыць на такім узроўні, на якім яны заслугоўваюць. Мае сябры ў Алматы атрымліваюць заробак нашмат вышэйшы, чым знаёмыя з маленькага курортнага гораду. Ні ў прыватных фірмах, ні ў дзяржаўных органах не выконваюцца правы супрацоўнікаў. Напрыклад, людзі могуць не атрымліваць заробак месяцамі, або іх могуць прымусіць працаваць у выходныя дні.

Усе гэтыя фактары і ўплываюць на міграцыю казахстанскіх грамадзян у іншыя краіны.

Асабіста я лічу, што кіраваньне Назарбаева было патрэбнае пасьля распаду СССР, калі Казахстан толькі ўсталёўваўся як асобная дзяржава. Зразумела, што падняць краіну з нуля займае не 5 гадоў і нават не 10. Але знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта 28 гадоў было ўжо занадта. Пры гэтым яшчэ так перагнулі палку, калі вырашылі перайменаваць сталіцу, вуліцу ў Алматы (і ня толькі), пік у гарах, аэрапорт [надаўшы імя Нурсултана Назарбаева. — РС].

Я не лічу ўвядзеньне міратворчых сіл зь іншых дзяржаў добрым спосабам урэгуляваць цяперашнюю сытуацыю ў Казахстане. Гэта яшчэ больш можа пагоршыць становішча і падарваць і так няўстойлівы аўтарытэт прэзыдэнта ў краіне. Некаторыя могуць палічыць, што зварот да АДКБ паказвае слабасьць кіраўніка і няздольнасьць самастойна даць рады крытычным сытуацыям у дзяржаве. У ім і так вялікая колькасьць абурэньняў і нэгатыўных патрабаваньняў на тэму расейскай мовы і расейскамоўных жыхароў. І ўвод расейскіх войскаў не адаб’ецца на гэтым лепшым чынам».

«Недавер да сілавікоў вырас яшчэ больш, чым раней»

Рустэм, працуе і жыве ў Казахстане (імя зьменена ў мэтах бясьпекі, зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС):

«У маім родным горадзе зараз на вуліцах усё супакоілася, але грамадзяне ў замяшаньні ад усёй гэтай сытуацыі зь мітынгамі. Самі пратэсты ня сталі чымсьці нечаканым, бо незадаволенасьць сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй у краіне расла з кожным днём. Але вось тое, што мітынгі займелі падтрымку ўсіх рэгіёнаў краіны практычна адначасова — гэта стала прыемным сюрпрызам.

Пасьля таго, што адбылося, ёсьць страх, што „праваахоўным органам“ разьвязалі рукі, і зараз яны будуць перавышаць свае законныя паўнамоцтвы, ладзіць „паляваньне на ведзьмаў“. Таму недавер да сілавікоў вырас яшчэ больш, чым раней.

Самі пратэсты падтрымліваю цалкам, адзіная заўвага — трэба папрацаваць над арганізаванасьцю і парадкам усярэдзіне натоўпу, трэба цьвёрда спыняць „правакацыйныя элемэнты“, якія падбухторваюць да беспарадкаў.

Раней было адчуваньне, што перамен дасягнуць амаль немагчыма, падчас апошніх пратэстаў гэтае адчуваньне зьмянілася, зьявілася вера, што нешта ў нас атрымаецца. Аднак пасьля ўводу войскаў Расеі пэсымістычныя настроі вяртаюцца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG