Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: лідэра АГП Казлова прызналі «схільным да экстрэмізму», Вользе Маёравай пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне


Мікалай Казлоў, архіўнае фота

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, які знаходзіцца за кратамі з 28 сьнежня 2021 году, сустрэўся зь сястрой. Гэта адзінае спатканьне, якое належыць яму за 3 месяцы арышту. За ўвесь тэрмін ён можа атрымаць толькі 1 бандэроль да 2 кг і 1 пасылку або перадачу ад сваякоў.

Сястра расказала, што Мікалай знаходзіцца ў камэры адзін. Яго прызналі «схільным да экстрэмізму» і павесілі адпаведную таблічку над ложкам, паведамляе прэс-служба АГП.

Таксама ў лідэра АГП ужо ёсьць спагнаньне (вымова) за тое, што ён нешта зрабіў ня ў час — пры тым, што ў яго няма гадзіньніка і час удакладніць няма ў каго. Ён лічыць, што прыдзірлівае стаўленьне адміністрацыі і аховы можа быць абумоўлена жаданьнем знайсьці падставу для зьмяшчэньня яго ў ШЫЗА.

Умовы ў СІЗА і стаўленьне да Казлова «назваць добрымі нельга», кажа сястра. Як расказаў Мікалай, асьвятленьне ў камэры дрэннае, чытаць цяжка. Палітвязень скардзіцца на праблемы са зрокам — відаць, адбіўся хімічны апёк, які ён атрымаў летась, калі іх на Акрэсьціна залівалі хлёркай, кажа сястра. Але ў аглядзе і дапамозе афтальмоляга яму адмовілі.

У камэры, паводле Казлова, «увесь час раве радыё». Карэспандэнцыю аддаюць далёка ня ўсю: тэлеграмы з днём народзінаў шмат ад каго не дайшлі, атрымаў толькі 3 штукі. Лідэра АГП таксама пазбавілі магчымасьці адказваць на лісты, забраўшы паперу і асадкі. Ён папрасіў сястру выпісаць яму газэты.

Мікалай Казлоў — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, асуджаны на 3 месяцы арышту паводле ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэксу за «выдаваньне дадзеных крымінальнай справы» супраць Каардынацыйнай рады. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Раней старшыня АГП некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб невыдаваньні пасьля допытаў у СК — за гэта яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.

Вользе Маёравай перакваліфікавалі абвінавачаньне. Цяпер ёй пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне

Як паведамляе «Новы час», у лісьце да сына палітзьняволеная Вольга Маёрава напісала, што чакае прысуд па ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу, якая прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў, або пажыцьцёвае зьняволеньне, або сьмяротнае пакараньне (апошняе не ўжываецца ў дачыненьні да жанчын). Раней яе абвінавачвалі па ч. 2 арт. 289 КК, якая прадугледжвае больш мяккае пакараньне.

«Наконт прысуду я моцна не пераймаюся. З маім ціскам не прынцыпова — 3 гады ці 20. Але пры існай традыцыі даваць мінімум пры невінаватасьці, канечне, мяркую 8 гадоў (гл. арт. 289, ч.3 КК РБ, ад 8 да 25 гадоў). Далей рабіць прагнозы сэнсу няма. Хаця ёсьць шмат дзіўных рэчаў. Таму будзем чакаць, што пакажа жыцьцё», — напісала Вольга 25 сьнежня.

Грамадзкую актывістку затрымалі 4 студзеня 2021 году ў сваім доме ў вёсцы Нача Крупскага раёну па так званай «справе Аўтуховіча». У доме правялі ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG