Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўхвалілі закон, які ўскладніць экспарт беларускага грузавога і пасажырскага транспарту


Беларускі аўтобус, ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў зьмены ў закон «Аб публічных закупках», які істотна абмяжоўвае магчымасьць удзелу беларускіх вытворцаў грузавога і пасажырскага транспарту ў тэндэрах па закупках за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

У прыватнасьці, у 2022 годзе ў тэндэрах вартасьцю больш за 200 тысячаў грыўняў (больш як 7 тысячаў даляраў у эквіваленце на сёньня. — РС) змогуць удзельнічаць толькі тыя вытворцы, якія гарантуюць у сваёй прадукцыі 10% украінскіх складнікаў.

Кожны наступны год ступень лякалізацыі (частка ўкраінскіх складнікаў у прадукцыі) павінна павялічвацца на 5%, а ў 2028 годзе павінна дасягнуць 40%.

Закон зьмяшчае пералік прадукцыі, у дачыненьні да якой будуць дзейнічаць гэтыя патрабаваньні. У яго трапілі маторатранспартныя сродкі для перавозкі 10 і больш асобаў, гарадзкія, турыстычныя і грамадзкія аўтобусы, у тым ліку двухсэкцыйныя і нізкападлогавыя, якія пастаўляла Беларусь, тралейбусы, камбайны, самазвалы, грузавыя аўтамабілі, мотатранспартныя сродкі спэцыяльнага прызначэньня, пажарныя аўтамабілі, камунальная тэхніка і электробусы.

У законе, які набудзе юрыдычную моц праз паўгода, адзначаецца, што гэтыя патрабаваньні не закрануць прадукцыю з Эўрапейскага Зьвязу і ЗША.

Паводле інфармацыі амбасады Беларусі ва Ўкраіне, цяпер на ўкраінскай тэрыторыі дзейнічае 13 зборачных вытворчасьцяў беларускай тэхнікі — трактароў МТЗ, зерняўборачных камбайнаў «Гомсельмаш» і «Белкамунмаш», тралейбусаў МАЗ, камунальнай і дарожнай тэхнікі, а таксама пажарных машын на шасі МАЗ. У той жа час не паведамляецца, якая частка пры зборцы камплектуецца ўкраінскімі складнікамі.

Летась Украіна спрабавала абмежаваць пастаўкі зь Беларусі грузавога, будаўнічага, пасажырскага і спэцыяльнага аўтамабільнага транспарту, увёўшы на ўвоз гэтай прадукцыі мыта ў памеры 35 адсоткаў ад мытнай вартасьці пастаўкі. Але гэтае абмежаваньне так і не пачалі прымяняць: у сьнежні 2021-га Акруговы адміністрацыйны суд Кіева на пазоў украінскага прадпрыемства з замежнымі інвэстыцыямі «Гандлёвы дом „МАЗ-Украіна“» канчаткова спыніў дзеяньне адпаведнага рашэньня Міжведамаснай камісіі Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю.

Пакуль справу разглядалі ў судзе, Беларусь істотна павялічыла пастаўкі беларускай аўтамабільнай тэхнікі ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG