Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

нядзеля 24 кастрычнік 2021

Ілюстрацыйнае фота

Міжнародныя санкцыі, як і крымінальнае пакараньне за злачынства ў межах нацыянальнай праўнай сыстэмы, — гэта найперш сродак пакараньня, а не выпраўленьня

Сьцісла

  • Дзякуючы артыкулу Зянона Пазьняка ў беларускім грамадзтве пачалася зьмястоўная і карысная дыскусія наконт санкцыяў
  • Зразумець заходнюю матывацыю санкцыяў дапамагае зьмястоўная аналёгія з крымінальным пакараньнем за злачынства ў межах нацыянальнага заканадаўства
  • Выпраўленьне злачынцы — толькі другасная і пажаданая мэта крымінальнага пакараньня
  • А першасныя — гэта адплата грамадзтва за парушэньне правілаў і ўрок для іншых, што парушэньне правілаў мае пэўную цану пакутаў
  • Міжнародныя санкцыі, як і крымінальнае пакараньне за злачынства ў межах нацыянальнай праўнай сыстэмы, — гэта найперш сродак пакараньня, а не выпраўленьня

Дзякуючы артыкулу Зянона Пазьняка ў беларускім грамадзтве пачалася зьмястоўная і карысная дыскусія наконт санкцыяў, іх сэнсу, эфэктыўнасьці і магчымых наступстваў.

У асноўным спрэчкі факусуюцца вакол пытаньняў, ці спрыяюць санкцыі рэпрэсіям адносна беларускай грамадзянскай супольнасьці і ці падштурхоўваюць яны афіцыйны Менск да больш шчыльнага збліжэньня з Расеяй.

Але менш увагі аддаецца заходнім матывацыям, заходняй лёгіцы ўвядзеньня санкцыяў. Беларусы могуць выступаць за ці супраць санкцыяў, лабіяваць іх узмацненьне ці аслабленьне, але ня варта забываць, што ўводзіць ці касуе санкцыі Захад.

І яго матывы могуць не супадаць з матывамі беларусаў.

І зразумець гэтую заходнюю матывацыю дапамагае зьмястоўная аналёгія з крымінальным пакараньнем за злачынства ў межах нацыянальнага заканадаўства. Не з пакараньнем палітвязьняў у Беларусі, а наагул з інстытутам крымінальнага пакараньня ў любой краіне.

Ці зьяўляецца мэтай крымінальнага пакараньня выпраўленьне злачынцы, прадухіленьне паўтарэньня ім злачынных учынкаў?

У ідэале такая мэта прысутнічае. Але далёка не заўсёды яна дасягаецца. Зьняволеньне, пакараньне можа толькі азлобіць злачынцу, умацаваць яго ў злачынных намерах, ён можа набрацца вопыту ўчыненьня злачынстваў ад калегаў па зьняволеньні і зноў учыняць злачынствы пасьля вызваленьня.

Дык тады атрымліваецца, што мэта пакараньня не дасягаецца, бо яно прыводзіць да адваротных вынікаў?

Не, дасягаецца. Бо выпраўленьне злачынцы — толькі другасная мэта крымінальнага пакараньня. А першасныя функцыі гэтага пакараньня — гэта адплата грамадзтва за парушэньне правілаў і ўрок для іншых, што парушэньне правілаў мае пэўную цану пакутаў.

Ну дык вось у гэтым — пэўнае падабенства зь лёгікай ужываньня міжнародных санкцыяў.

Гэта аналёгія, а ня тоеснасьць, статус кіраўніцтва сувэрэннай краіны не такі ж, як у грамадзяніна дзяржавы, на якога распаўсюджваецца праўная сыстэма гэтай дзяржавы.

Але і міжнародныя санкцыі, як і крымінальнае пакараньне за злачынства ў межах нацыянальнай праўнай сыстэмы, — гэта найперш сродак пакараньня, а не выпраўленьня.

Стане іх вынікам выпраўленьне рэжыму, на які яны скіраваныя — выдатна. Ня стане — шкада. Але пакараньне шляхам санкцыяў у любым выпадку адбудзецца.

Злачынцу-рэцыдывіста не вызваляюць ад адказнасьці на той падставе, што папярэдняе пакараньне яго ня выправіла. Наадварот, яго караюць яшчэ стражэй.

Пры гэтым строгасьць санкцыйнага пакараньня прапарцыйная важнасьці парушаных правілаў для таго, хто іх уводзіць.

Для беларускага грамадзтва шкода ад затрыманьня Рамана Пратасевіча была і ёсьць меншая, чым ад масавых рэпрэсіяў, ад тысячаў зьбітых, пакараных, зьняволеных.

А для Захаду — наадварот, бо справа Пратасевіча — гэта пра міжнародную бясьпеку ў самым прамым сэнсе, а ня ўскосна і апасродкавана, як у выпадку ўнутраных масавых рэпрэсіяў. Таму і санкцыі за захоп самалёта Ryanair былі больш жорсткія, чым за ўнутраныя рэпрэсіі.

Яшчэ раз падкрэсьлю: параўнаньне санкцыяў з крымінальным перасьледам — гэта аналёгія, і яна няпоўная.

У 2016 годзе Эўразьвяз скасаваў санкцыі адносна Беларусі не таму, што палічыў, што Лукашэнка ўжо дастаткова пакараны. Мела месца і пэўнае выпраўленьне — прынамсі, палітвязьняў вызвалілі. У выніку санкцыяў ці не, тут можна спрачацца, але іх вызваленьне адбылося, і толькі пасьля санкцыі былі зьнятыя. Так што крытэры эфэктыўнасьці, выпраўленьня як мэты, у санкцыйнай палітыцы прысутнічаюць.

Але яны не адзіныя і нават не дамінуючыя, асабліва ў кароткатэрміновым пэрыядзе. Прынамсі ў кароткатэрміновым пэрыядзе мэта санкцыяў — пакараньне само па сабе, незалежна ад яго наступстваў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Дзіўная сытуацыя: афіцыйныя Менск і Масква, здаецца, вось-вось гатовыя падпісаць пакет новых інтэграцыйных пагадненьняў. Дыскусіі пра іх ідуць ужо больш за тры гады. Але што менавіта мяркуецца падпісаць, дагэтуль невядома, гэта «кот у мяху».

Сьцісла:

  • Інтэграцыйныя «дарожныя мапы» прынамсі ў верасьні 2019 году прадугледжвалі стварэньне адзінага рэгулятара рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі.
  • Лукашэнка паўтарае, што ніякай палітычнай надбудовы, ніякіх наддзяржаўных органаў падрыхтаваны дапрацаваны пакет не прадугледжвае.
  • Эпапэя зь неўхваленьнем Эўрапейскім рэгулятарам лекаў (EMA) расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V» паказвае, што саюзны рэгулятар — гэта фактычна наднацыянальны орган улады.
  • Ці прадугледзілі стварэньне энэргетычнага рэгулятара ў новых беларуска-расейскіх інтэграцыйных пагадненьнях?
  • Калі частка амаль роўная цэламу, любыя спробы супольна кіраваць цэлым азначаюць кіраваньне з боку гэтай самай «ільвінай долі».

Адзінае, што вядома, гэта публікацыя ў «Коммерсанте» Дзьмітрыя Бутрына «Сяброўства падаткаў» амаль двугадовай даўнасьці.

Расейскія чыноўнікі тады паказалі Бутрыну тагачасныя праекты «дарожных мапаў» (так тады гэтыя пагадненьні называліся).

А там шмат чаго было цікавага: адзіныя Падатковы кодэкс, зьнешнегандлёвы рэжым і Грамадзянскі кодэкс, амаль аб’яднаны банкаўскі нагляд, але з двума цэнтрабанкамі, адзіны рэгулятар рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі.

Што зьмянілася за два гады ў праектах, як яны цяпер сфармуляваныя, пакуль невядома. У публічнай сфэры агучваюцца дыскусіі наконт гарманізацыі і ўніфікацыі падатковага заканадаўства, паведамлялася, што менавіта гэтыя сюжэты нядаўна абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам расейскі прэмʼер Міхаіл Мішусьцін.

Таксама гаварылася, што спрэчным пытаньнем да самага апошняга часу заставалася газавае пытаньне (без удакладненьняў, у якіх менавіта аспэктах).

Пры гэтым Лукашэнка як мантру паўтарае, што ніякай палітычнай надбудовы, ніякіх наддзяржаўных органаў падрыхтаваны дапрацаваны пакет не прадугледжвае, маўляў, прэзыдэнт Расеі сам прапанаваў гэта выключыць.

Што такое рэгулятар?

Ці так гэта? А што там наконт рэгулятара энэргетычных рынкаў, які прысутнічаў у тых праектах дамоваў, якія апісваў «Коммерсантъ» у публікацыі верасьня 2019 году?

Аўтар той публікацыі Бутрын небеспадстаўна зазначаў, што менавіта наяўнасьць такога рэгулятара — падстава сьцьвярджаць, што прапанаваныя дакумэнты прадугледжваюць «частковую эканамічную інтэграцыю на ўзроўні ня менш як у Эўразьвязе, а ў шэрагу пытаньняў — аналягічную канфэдэратыўнай ці нават фэдэратыўнай дзяржаве».

Рэгулятар і паводле этымалёгіі гэтага слова, і паводле практыкі таго ж ЭЗ — гэта орган, які прымае абавязковыя для выкананьня рашэньні, гэта орган улады.

На нашых вачах разварочваецца эпапэя з ухвалай (дакладней, няўхвалай) расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V» Эўрапейскім рэгулятарам лекаў (EMA).

Варта адзначыць некалькі асаблівасьцяў.

EMA — гэта не каардынацыйная нарада, калегія нацыянальных лекавых рэгулятараў, дзе прадстаўнікі любой краіны маюць права вэта ці «залатую акцыю»; з другога боку, гэта і не нямецкая, француская ці якая іншая нацыянальная інстытуцыя. Гэта фактычна наднацыянальны орган улады Эўразьвязу.

Яго рашэньні ня маюць фармальна абавязковай сілы для ўсіх дзяржаваў-чальцоў. Але фактычна маюць. У Славаччыне і Вугорошчыне нацыянальныя рэгулятары лекавых сродкаў ухвалілі «Спутник V», але ў астатніх дзяржавах ЭЗ вырашылі чакаць рашэньня EMA, маўляў, агульнаэўрапейскаму рэгулятару відней.

А ў Славаччыне ўзьнік палітычны скандал: частка палітычнай эліты стала на бок Эўрапейскага рэгулятара, заявіла, што, пакуль ён ня ўхваліць расейскую вакцыну, выкарыстоўваць яе для прышчэпліваньня славакаў ня варта.

І ўрэшце Славаччына, пачаўшы прышчапляць сваіх грамадзянаў «Спутником V», спыніла працэс і вярнула Расеі нявыкарыстаныя дозы.

Ухвалы «Спутника V» эўрапейскім рэгулятарам дагэтуль няма. Тым часам у ЭЗ вакцынаваліся ўжо 70% дарослага насельніцтва, і зусім не расейскай вакцынай.

Вось што такое рэгулятар і як ён дзейнічае.

Энэргетычны рэгулятар — роўнасьць ці Расея

Дык вось у пакеце інтэграцыйных пагадненьняў, які, магчыма, пасьлязаўтра парафуюць Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусцін, ёсьць рэгулятар энэргетычных рынкаў ці няма? І калі ёсьць, то якім ён будзе?

9 жніўня падчас «вялікай размовы» Лукашэнка тлумачыў: «У нас не нацыянальныя, а сумесныя ведамасныя органы. Напрыклад, сумесная калегія міністэрстваў прамысловасьці Расеі і Беларусі, сумесная калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі і іншыя — і яны працуюць».

Калі энэргетычны рэгулятар — гэта сумесная калегія міністэрстваў энэргетыкі дзьвюх краінаў, тады гэта не рэгулятар. Прынамсі, тады гэта не такі рэгулятар, як рэгулятары розных галінаў эканомікі ў Эўразьвязе; гэта не такі рэгулятар, як, скажам, EMA.

Калі ж гэта аналяг той жа EMA, толькі ў энэргетыцы Беларусі і Расеі, то гэта наддзяржаўная, наднацыянальная інстытуцыя, орган улады.

Вечная дылема беларуска-расейскай інтэграцыі

Гэта вечная дылема беларуска-расейскай інтэграцыі: альбо бакі проста ўзгадняюць сваю палітыку, свае дзеяньні, альбо пры стварэньні рэальных саюзных рэгулятараў гэта de facto расейскі рэгулятар, які рэгулюе ў тым ліку і Беларусь.

Тут справа нават ня толькі ў спэцыфічных расейскіх палітычных норавах. Насельніцтва ўсяго Эўразьвязу — 750 мільёнаў чалавек, насельніцтва самай буйной краіны ЭЗ — Нямеччыны — 83 мільёны (11%). І Нямеччына можа дапусьціць над сабой уладу супольнага, параўнальна аўтаномнага рэгулятара.

Насельніцтва Беларусі і Расеі разам — 155 мільёнаў, зь іх насельніцтва Расеі — 146 мільёнаў (94%).

Калі частка амаль роўная цэламу, любыя спробы супольна кіраваць цэлым азначаюць кіраваньне з боку гэтай самай «ільвінай долі».

Дык што там наконт рэгулятара напісана ў інтэграцыйных праектах?

Што было раней

  • Выступаючы 1 верасьня ў школе № 35 у Бабруйску, Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў пляны, што прэмʼеры Беларусі і Расеі 10-11 верасьня падпішуць новыя інтэграцыйныя праграмы.
  • Ён заявіў: «Перш за ўсё хачу падкрэсьліць (цяпер жа будуць вякаць, што здаём сувэрэнітэт і незалежнасьць і гэтак далей): мы больш за тры гады таму, яшчэ ў Сочы, паставілі перад урадамі задачу зрабіць чарговы крок у нашым саюзным будаўнiцтве».
  • Затым Лукашэнка нагадаў, што пасьля гэтага ва ўрадах былі выпрацаваныя больш за 30 так званых «дарожных мапаў». Яны тычыліся разьвіцьця супрацоўніцтва ў розных кірунках. З часам гэтыя «дарожныя мапы» ператварыліся ў саюзныя праграмы, іх засталося 28. «Гэта ўжо будуць падпісаныя дамовы да выкананьня. Ня проста „мапы“, па якіх нехта крочыць будзе», — растлумачыў Лукашэнка.
  • Падпісаць іх плянуецца на Вышэйшым дзяржаўным савеце «саюзнай дзяржавы». Яго пасяджэньне мяркуецца правесьці ў кастрычніку-лістападзе.
  • «Калі мы дамовімся канчаткова з прэзыдэнтам Расеі 9-га, то 10-11-га ўрады зьбяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацьвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце», — паведаміў Лукашэнка.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Загрузіць яшчэ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG